Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА АПТЫМІСТЫЧНЫЯ ПРАГНОЗЫ БЕЛАРУСКІХ ЧЫНОЎНІКАЎ, БЕЛАРУСЬ У WТО ПАКУЛЬ НІХТО НЕ ЧАКАЕ


Ігар Карней, Менск

Незалежныя эканамісты ўпэўненыя: беларускае заканадаўства ў цяперашнім выглядзе ніяк не спрыяе нават тэарэтычным шанцам быць далучанымі да Ўсясьветнай Гандлёвай Арганізацыі. Паралельна зь Беларусьсю ў Жэнэве вядуць перамовы і расейскія прадстаўнікі. Няўжо Беларусь у гэтым пляне мае сапраўды большыя шанцы?

Напярэдадні паседжаньня працоўнай групы ў справе далучэньня Беларусі да WТО (а сустрэча адбудзецца, хутчэй за ўсё, прыканцы году) прадстаўнікі беларускага МЗС атрымалі пакет чарговых інструкцыяў з сакратарыяту WТО. Прадпісаньні тычацца гарманізацыі беларускага заканадаўства з правіламі WТО, а таксама рэкамэндуецца далейшая, больш шчыльная праца ў галіне замежнагандлёвага рэжыму. Таму казаць пра нейкі незвычайны плён перамоваў заўчасна.

І хоць беларускі бок мяркуе, што жэнэўскае паседжаньне ў канцы году будзе вырашальным этапам перамоўнага працэсу, далучэньне краіны да Ўсясьветнай Гандлёвай Арганізацыі — пэрспэктыва зусім не бліжэйшае будучыні, і нават не 2005 году. Нават Крэмль, акрэсьліваючы пэрспэктыву сяброўства ў WТО, апэлюе досыць аддаленай пэрспэктывай: прынамсі, расейскія эканамісты кажуць пра 2006 год.

І гэта пры тым, што расейскае заканадаўства няхай і не нашмат, але ўсё ж больш лібэральнае за беларускае і куды больш пасуе патрабаваньням сакратарыяту WТО. Маецца на ўвазе спрыяльны інвэстыцыйны клімат, празрыстасьць эканомікі, дзяржаўная дапамога малому і сярэдняму бізнэсу, разумная падатковая палітыка і шэраг іншых пунктаў.

Рэаліі, як бачым, не на карысьць Беларусі, і таму словы прадстаўнікоў беларускага замежнапалітычнага ведамства можна расцаніць як спробу выдаць жаданае за сапраўднае. І калі Расея насамрэч будзе прынятая ў WТО не раней за 2006 год, то Беларусь да гэтага тэрміну сябрам арганізацыі дакладна ня стане. Такім чынам, перамоўных працэсаў давядзецца назіраць яшчэ шмат.

Дарэчы, існуе меркаваньне, што Беларусь можа стаць сябрам WТО ў складзе гэтак званай саюзнай дзяржавы, супольна з Расеяй. Такое гледзішча дастаткова распаўсюджанае і, як ні дзіўна, лягічна падмацаванае. Напярэдадні я гутарыў з эканамістам Рыгорам Бадзеем, і той наўпрост выказаўся, што цяперашняй рэвізіі заканадаўства, пра якую спрабуюць у Жэнэве гаварыць беларускія эмісары, ня хопіць на тое, каб быць дапушчанымі нават у сенцы Ўсясьветнай Арганізацыі, ня кажучы ўжо пра паўнавартаснае сяброўства. А вось ў зьвязку з Расеяй — варыянт больш рэальны, але на тле апошніх чарговых пагаршэньняў міждзяржаўных стасункаў мажлівасьць гэтая ўсё больш віртуальная.

А вось меркаваньне кіраўніка Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Рыгора Бадзея.

(Бадзей: ) “Паколькі плян прывядзеньня заканадаўства ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі WТО прыняты толькі нядаўна, то пакуль ён ня будзе выкананы, Беларусь туды самастойна ўступіць ніяк ня зможа. У садружнасьці з Расеяй?.. З аднаго боку, неабходна прывесьці сваё заканадаўства ў адпаведнасьць хоць бы з расейскім, бо Расея нашмат бліжэй да патрабаваньняў WТО. Зьвязка з Расеяй — пакуль адзіная магчымасьць да ўступленьня ва Ўсясьветную Гандлёвую Арганізацыю. Але палітычныя падзеі сьведчаць, што гэтай зьвязкі ня будзе”.

Гэта было меркаваньне эканаміста Рыгора Бадзея, які акрэсьліваў пэрспэктыву сяброўства Беларусі ва Ўсясьветнай Гандлёвай Арганізацыі. Такім чынам, пазыцыі афіцыйных асобаў і незалежных эканамістаў ў пытаньні далучэньня краіны да WТО істотна разыходзяцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG