Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІЦЭЙ ПРАЦЯГВАЕ СВАЁ ЖЫЦЬЦЁ, АЛЕ — НА ВУЛІЦЫ


Любоў Лунёва, Менск

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, дзеці даволі сур’ёзна паставіліся да заняткаў. Яны ўважліва слухаюць сваіх настаўнікаў, задаюць пытаньні. Вядомы пісьменьнік і перакладчык “Бібліі” Васіль Сёмуха выкладае ў ліцэі нямецкую літаратуру. Сёньня ён вырашыў чытаць дзецям лекцыю па старажытнай габрэйскай паэзіі на прыкладзе кніг “Найвышэйшая Песьня Саламонава”, “Эклезіяст” і “Кніга Ёва”. Ліцэісты з захапленьнем слухалі цікавую лекцыю.

Сам выкладчык абураецца, што бальшыня менчукоў абыякава паставілася да лёсу навучэнцаў.

(Сёмуха: ) “Абыякавасьць да ўсяго, што робіцца… І да дзяцей, калі гэта чужыя дзеці, ня іхныя… Пакуль надвор’е добрае і спрыяе, то на свежым паветры добра пасядзець і ўсё гэта выкладаць. Але гэта так не нармальна, што выклікае абурэньне. Для дзяцей гэта яшчэ ў пэўным сэнсе нейкая гульня, але мы, бачыўшы ўсё гэтае самадурства ўладаў, цынізм і, я б сказаў, садызм у дачыненьнях да дзяцей!… Я ня ведаю які кіраўнік дзяржавы можа глядзець на гэта спакойна, каб яго дзеці вучыліся на вуліцы. Мяне гэта абурае. Але я гатовы прыходзіць сюды і гаварыць зь дзецьмі, выкладаць ім свае дысцыпліны нават, калі будзе дождж, нават, калі будзе сьнег. Другога выйсьця няма”.

Дзеці ня скардзяцца на новыя ўмовы. Ксэнія Гаеўская вучыцца на чацьвертым курсе.

(Ксэнія: ) “Заняткі на вуліцы мне падабаюцца. Гэта дае нам дадатковае здароўе. Цяпер ня вельмі халодна, каб абавязкова займацца ў памяшканьні. Але ў любым выпадку, мы ня можам так займацца доўга, бо надыходзіць восень. А шум нам не перашкаджае, бо, калі займаешся цікавай справай, то нічога не перашкаджае”.

Кіраўнік Ліцэю Ўладзімер Колас лічыць, што заняткі на вуліцы ёсьць сьведчаньнем самадурства ўладаў.

(Колас: ) “…Безумоўна. Гэта абуральна! Дзеці ўвесь час на вуліцы… Надвор’е ня будзе доўгі час спрыяльнае, хутка пачнуцца дажджы. Увогуле, тое, што дзеці вучацца на вуліцы перад пустым будынкам, які належыць ім, які належыць гэтаму Ліцэю, які ў іх незаконна адабралі,— гэта папросту выглядае злачынным самадурствам з боку тых, хто зьдзейсьніў гэта з нашым Ліцэем”.

У другой палове дня навучэнцы разам з кляснымі кіраўнікамі разыйшліся па музэях. Гэта стала ліцэйскай традыцыяй — 2 верасьня наведваць музэі. А 3 верасьня згодна зь яшчэ адной традыцыяй дзеці паедуць у Зялёнае праводзіць спартовыя гульні.

Такім чынам, 130 навучэнцаў ліцэя апынуліся на вуліцы. Выкладчыкі запэўнілі бацькоў, што будуць вучыць дзяцей пры любых умовах.

Згодна з заканадаўствам, у Беларусі абавязковая толькі гэтак званая “базавая” адукацыя (за савецкім часам гэта называлася — няпоўная сярэдняя адукацыя). Менавіта з гэтае прычыны чыноўнікаў Камітэту адукацыі больш за ўсё цікавілі навучэнцы першага і другога курсаў.

Каб зьняць зь сябе адказнасьць, яны разаслалі асабовыя справы ліцэістаў у школы па месцы жыхарства. Паколькі дзеці 1 верасьня ў школы не прыйшлі, згодна з новым законам, бацькоў могуць прыцягнуць да судовай адказнасьці за тое, што тыя ўхіляюцца ад бацькоўскіх абавязкаў у справе адукацыі дзяцей.

У Беларусі яшчэ не адмененае хатняе навучаньне, калі дзеці штогод здаюць экзамэны экстэрнам. Ня выключана, што бацькі ліцэістаў напішуць для гэтага адпаведныя заявы.
XS
SM
MD
LG