Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫКІ КАМЭНТУЮЦЬ КАНФЛІКТ ПАМІЖ АФІЦЫЙНЫМ МЕНСКАМ І КРАМЛЁМ НАКОНТ ВАЛЮТНАЙ ІНТЭГРАЦЫІ, ЛКАШЭНКА ПІША АДКАЗ ПУЦІНУ


Юры Дракахруст, Прага

“Патрабаваньне – “падпішыце, а потым паглядзім,” для беларускага боку непрымальнае” – сказаў Мікалай Чаргінец. Ён мяркуе, што перанос тэрміну пераходу ня выкліча жорсткага адказу Масквы. Чаргінец выключае магчымасьць таго, што Расея вылучыць ультыматум ці пойдзе на разрыў саюзных адносінаў. Ён зрабіў намёк на магчымыя зьмены ў замежнай палітыцы Менску, сказаўшы, што Расеі надзваычай нявыгадна мець краіну-суседа ў супрацьлеглым лягеры.

Нагадаем, што на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах Мікалай Чаргінец узначальваў перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі. На тле апошніх заяваў кіраўніка Беларусі пра шматлікія прычыны і перасьцярогі, якія кардынальна перашкаджаюць пераходу краіны на расейскі рубель, на міністэрскім і банкаўскім ўзроўні перамовы працягваюцца.

Учора ў Маскве адбылося паседжаньне адпаведнай беларуска-расейскай рабочай групы. Віцэ-прэм'ер-міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын і старшыня Нацбанку Беларусі Пётра Пракаповіч узгаднілі праекты шэрагу дакумэнтаў, што датычаць мэханізму ўвядзеньня расейскага рубля ў якасьці адзінага платнага сродку на тэрыторыі Беларусі. Прынамсі, дапрацаванае пагадненьне аб парадку выхаду з зоны расейскага рубля, аб парадку вызначэньня ліміту прыросту актываў нацыянальнага банку і шэраг іншых.

Як працяг гэтых перамоваў спалучаецца з заявамі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што для падпісаньня пагадненьня Расея мусіць выканаць шмат іншых умоваў, улучна з прыняцьцем канстытуцыйнага акту. Свой адказ на пытаньне прапануе кіраўнік дасьледнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка.

(Заіка: ) “Пракаповіч ня ў стане прысьці да Лукашэнкі і сказаць, што ўсё ужо падрыхтавана, яно добрае і мы просім Вас яго падпісаць. Ён, зразумела, праінфармаваў прэзыдэнта, што ўсе дакумэнты падрыхтаваныя. Але Лукашэнка разумее, што калі аддаць усю гэтую сфэру Цэнтрабанку Расеі, ён сам робіцца закладнікам усяго гэтага працэсу. І таму беларускі прэзыдэнт-кіроўца націскае адначасна і пэдаль газу, і пэдаль тормазу. Аляксандар Рыгоравіч стаў ахвяраю сваёй палітыкі інтэграцыі з Расеяй.

Пуцін стаміўся ад розных заклінаньняў наконт інтэграцыі. Таму ён прапанаваў вельмі простую рэч, якую можна адсачыць: "Уводзьце рубель". Гэта ня мыты і тарыфы, дзе шмат розных пазыцыяў. Гэта - тэст для беларускага боку. Лукашэнка мусіць адказаць пэўна.

Калі ён скажа “так”, то ўсё далейшае будзе вырашацца і вызначацца з Крамля. Калі беларускі бок гаворыць пра розныя ўмовы, то расейцы гэтага не прымаюць. Яны патрабуюць пэўнага адказу - так ці не. З апошніх выступаў Лукашэнкі ў Воршы і Давыд-Гарадку вынікае, што беларускі прэзыдэнт адказвае на гэтае пытаньне - не.

Пры гэтым, каб добра выглядаць перад выбаршчыкамі і Расеяй, ён гаворыць пра гарантыі, фактычна пра тое, што Расея мусіць фінансаваць памылкі беларускага ўраду. Але любы эканаміст скажа, што ніводная краіна такіх гарантыяў даваць ня будзе.

Лукашэнка манэўруе, бо хутка трэба будзе вырашаць праблему платы за газ, праблему трэцяга тэрміну. Нарэшце, у Расеі адбываюцца выбары. Інтуіцыя падказвае Лукашэнку, што трэба цягнуць, прыдумляць аргумэнты і выкарыстоўваць гэтае пытаньне пра рубель, як палітычную карту.”

Гэта быў кіраўнік дасьледнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка. Тымчасам, як паведаміла прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, сёньня ён накіраваў Уладзімеру Пуціну адказ на ліст расейскага прэзыдэнта наконт пераходу Беларусі на расейскі рубель. Нагадаем, што 28 жніўня Пуцін у сваім лісьце заявіў, што адпаведнае пагадненьне практычна падрыхтаванае і заклікаў у хуткім часе падпісаць яго. Пасьля гэтага Лукашэнка некалькі разоў заяўляў, што да падпісаньня дакумэнту расейскі бок мусіць выканаць шэраг умоваў, у тым ліку прыняць Канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы. Прэсавая служба кіраўніка Беларусі адзначае, што ў ягоным сёньняшнім лісьце прэзыдэнту Расеі выкладзеная беларуская пазыцыя па сутнасьці гэтага пытаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG