Сёньня ў другой палове дня Павал Мажэйка наведаў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Кастрычніцкага раёну Горадні. Ён атрымаў даведку, у якой сказана, што яго зьнялі з уліку, бо ён цалкам адбыў тэрмін “умоўна-датэрміновага вызваленьня”.
1 верасьня летась Павал пачаў адбываць пакараньне ў папраўча-працоўнай установе адкрытага тыпу ў Жлобіне. Яго засудзілі на 2 гады абмежаваньня свабоды паводле часткі ІІ артыкула 367 Крымінальнага кодэксу — за паклёп на прэзыдэнта. За гэта ж пакаралі галоўнага рэдактара “Пагоні” Міколу Маркевіча, якому далі на паўгады болей. Але абодва адразу трапілі пад амністыю, і кожнаму тэрмін зьменшылі на год. Праз паўгады суд “умоўна датэрмінова” вызваліў журналістаў, і яны вярнуліся дахаты.
(Мажэйка: ) “Усё памятаю нагэтулькі яскрава, быццам гэта адбылося ўчора. Памятаю пахі, які суправаджалі мяне на “хіміі”. Памятаю крыкі мянтоў, зьняважлівы, зьдзеклівы гук гудка, па якім уставалі ў 6:30 раніцы. Хачу забыць як мага хутчэй усё гэта, але разумею, што такое забываць нельга”.
Павал лічыць, што газэта, падобная “Пагоні”, у якой ён раней працаваў, вельмі патрэбна чытачам. І таму рана ці позна такое выданьне будзе. Але пакуль яму самому займацца журналістыкай не атрымліваецца. Замест гэтага ёсьць праца ў гарадзкой філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў.
(Мажэйка: ) “На сёньня ў нас ёсьць ідэя надаваць штогод тытул пад умоўнай назвай “вораг гарадзенскай прэсы”. Яго будзьма надаваць чыноўніку або некалькім, ці дзяржаўнай установе, якая найбольш актыўна супрацьдзейнічала разьвіцьцю недзяржаўнага друку і свабоды слова на Гарадзеншчыне. Таксама ёсьць задума стварыць “чорную кнігу” гарадзенскай прэсы”.
У гэтай “чорнай кнізе” Павал Мажэйка мяркуе сабраць прыклады парушэньняў свабоды словы, якія зафіксаваны за апошнія гады, а таксама — прозьвішчы людзей, якія перашкаджалі журналістам выконваць свае прафэсійныя абавязкі.