Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТ АНДРЭЙ КЛІМАЎ І ЖУРНАЛІСТ ЯЎГЕН АГУРЦОЎ ВЫДАЛІ НОВУЮ КНІГУ — “МЕНСК-2016”


Уладзімер Глод, Менск

Аўтары называюць сваю новую працу мастацкім творам, жанр якога вызначаюць як філязёфская прыпавесьць, антыўтопія. Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня, былы вязень Андрэй Клімаў лічыць, што падобных твораў раней у Беларусі не было:

(Клімаў: ) “Мы адчулі ў сабе сілу працягнуць тэму. Тэму, якую наагул раней ніхто ў Беларусі не ўздымаў. Дзесьці часткова яе закранаў Якуб Колас, часткова Янка Купала… Але занадта абстрактнымі былі іхныя паралелі — нешта сярэдняе паміж тургенеўскімі “Нататкамі паляўнічага” і “Капрычыос” Гойі. Тут жа мы спрабавалі ўсё ж правесьці такі экспэрымэнт, які ў свой час зрабіў Оруэл. Але калі той пісаў пра тое, што магло адбыцца ў Вялікай Брытаніі ў 1984 годзе, калі б яна пайшла па шляху Савецкага Саюза, мы паспрабавалі на ўласныя вочы пабачыць, што ж будзе адбывацца тут, і апісаць нагэтулькі яскрава, наколькі гэта бачыцца сёньня”.

Яўген Агурцоў дапаўняе свайго суаўтара:

(Агурцоў: ) “Мы стварылі сытуацыю, у якой працягнулі сэнс улады да абсурду. Гэта магчыма”.

Паводле фантазіяў аўтараў, прэзыдэнтам краіны ў час, пра які яны пішуць у сваёй антыўтопіі, будзе ні хто іншы як… Андрэй Клімаў, які як раз пераймае ўладу ад Аляксандра Лукашэнкі. Тут я ня мог не зьвярнуць увагу на тое, што, згодна зь дзейнай Канстытуцыяй, менавіта ў 2016 годзе адбудуцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Гэтае супадзеньне не выпадковае — пытаюся спадара Агурцова. Той гаворыць, што спадзяецца на зьмену ўлады значна раней, а 2016 год зьявіўся чыста выпадкова:

(Агурцоў: ) “А вось так, узялі і ўсё!.. Гэта мастацкі твор, але ж з элемэнтамі рэчаіснасьці. Мы паспрабавалі знайсьці формулу ўлады на канкрэтным матэрыяле”.

Мяркуецца, што ў хуткім часе аўтары правядуць прэзэнтацыю свайго новага твору.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG