Канцэрн “Белнафтахім” зацьвердзіў новыя кошты на нафтапрадукты. Ад 1 верасьня цэны на бэнзын і дызэльнае паліва падвысіліся амаль на 12%. Цяпер кошт аднаго літра 76-га бэнзіну каштуе 955 рублёў, 92-га — 1 190 рублёў, 95-га — 1 370 рублёў, а дызельнага паліва — 930 рублёў.
Як тлумачаць у канцэрне “Белнафтахім”, гэтае рашэньне прынятае ў сувязі з ростам коштаў на бэнзын і мазут на ўсясьветным рынку.
Я зьвярнулася да кіроўцаў аўтамабіляў з пытаньнем, як адаб’ецца гэтае падвышэньне на іхным узроўні жыцьця? Ці будуць яны цяпер менш езьдзіць на ўласных аўтамабілях?
(Спадар: ) “Вельмі дрэнна адаб’ецца на маім сямейным бюджэце. Таму што заробак мізэрны стаў, а калі й бэнзын… Вось мне зараз трэба забраць хворую цешчу. Я не магу таксі наняць, еду на сваёй, значыць, я сам сябе пачынаю ўціскаць”.
(Другі спадар: ) “Дрэнна вельмі” Яшчэ горш будзе… Пакуль з Расеяй ня будзе нармальных стасункаў — будзем пакутваць. Так што няхай Лукашэнка зь імі ўсталюе сувязі. Я армянін, і лічу, што без Расеі і армяне загінулі, і беларусы загінуць. Перакрыюць кісларод усім, і газ не дадуць, і сьвятло не дадуць, нічога не дадуць”.
(Трэці спадар: ) “А ніяк. Я на Ўкраіне запраўляюся, ці ў Расеі, але не ў Беларусі”.
(Карэспандэнтка: ) “Далёка ж езьдзіць…”
(Трэці спадар: ) “Трэба езьдзіць, дык там запраўляемся палівам. Там каштуе 30 цэнтаў усяго — ва Ўкраіне, без аніякага “саюза”. А ў нас каштуе 50 цэнтаў, але ж “у саюзе””.
(Спадарыня: ) “Я ня вельмі добра стаўлюся да таго, што падаражэў бэнзын. Таму што ёсьць неабходнасьць людзям езьдзіць на лецішча, у вёску, і столькі аддаць на дарогу з нашымі невялікімі заробкамі...”
(Спрадар: ) “Цану паднялі вельмі вялікую, канечне, раней падвышалі на 10-20 рублёў за літар, а зараз — на 100, 120, 140 рублёў. Гэта вельмі шмат! Заробкі стаяць на месцы, а грошыкі…”
(Другі спадар: ) “Я буду езьдзіць столькі, колькі й езьдзіў. Пакуль мяне гэта асабліва не закранула”.
(Спадарыня: ) “Я буду езьдзіць ня менш, столькі ж, таму што я працую, і мне гэта трэба. Адзінае, што я ўздыхну і скажу: “Вось, давядзецца ізноў плаціць больш грошай”. А што рабіць? Мы да гэтага прызвычаліся, на жаль…”
Гэта былі меркаваньні аўтааматараў.
А як паставіліся да падвышэньня коштаў на паліва кіроўцы прыватных таксовак? На адной зь менскіх аўтастаянак я зьвярнулася да іх з пытаньнем, ці ня будуць у зьвязку з гэтым павялічаны кошт праезду ў таксі.
(Кіроўца: ) “Падвышэньне тарыфаў ад нас не залежыць, але ж цяжка стала. Заробак ўпаў, канечне”.
(Другі кіроўца: ) “Пападзём на бабкі ды ўсё… Грошы з кішэні ўсё больш і больш бяруць, а прыбыткаў усё менш. У нас нармальным у краіне лічыцца штомесячнае падаражэньне”.
(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, ці будуць бліжэйшым часам у сувязі з гэтым падвышаныя тарыфы на таксі?”
(Кіроўца: ) “Бэнзын сам па сабе, тарыфы самі па сабе. Кошты на бэнзын я ня ведаю, хто падвышае, а тарыфы — Міністэрства транспарту. Бэнзын даражэе ў месяц разы тры, а тарыфы — раз на паўгады. Хто на бэнзыне езьдзіць, трэба тысячаў дваццаць на дзень дакладна, а заробкі вось бачыце якія ў таксі. Вось ужо дзьве гадзіны стаім…”
Дарэчы, апошняе падвышэньне коштаў на паліва ў Беларусі адбылося менш за месяц таму, 6 жніўня. Тады кошты падвысіліся на 3-4%.