Больш як тузін ідэалягічных прызначэнцаў на кожную вобласьць ужо ад гэтага месяца будуць прапагандаваць палітыку кіраўніцтва краіны. Сьпіс дзяржаўных прапагандыстаў складаюць збольшага знаёмыя прозьвішчы: старшыня Дзяржкантролю Тозік, кіраўнік Нацбанку Пракаповіч, генэральны пракурор Шэйман, кіраўнічка справаў прэзыдэнта Жураўкова, старшыня ФПБ Козік, лідэр БРСМ Арда, галоўныя рэдактары многіх дзяржаўных газэтаў і шмат хто іншы — усяго больш за сто чалавек. Патлумачыць сутнасьць інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў я папрасіў аднаго з лектараў, рэдактара газэты "Рэспубліка" Анатоля Лемяшонка.
(Лемяшонак: ) "Што тут тлумачыць? Звычайная практыка сустрэчы зь людзьмі. Трэба ведаць іхныя праблемы, выслухаць пытаньні. Я не трымаюся нейкай пэўнай тэмы і загадзя не рыхтуюся гаварыць пра нешта канкрэтнае. Калі я ім цікавы як рэдактар, яны задаюць пытаньні – я адказваю, на самыя розныя тэмы. У тым ліку, чаму зьнялі трэнера Эдуарда Малафеева."
А вось былы кіраўнік Прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі ня лічыць, што ідэалягічнае ўтварэньне ёсьць гэтакім шэраговым клюбам па інтарэсах.
(Праляскоўскі: ) "Яшчэ ў 1995 годзе былі створаныя каманды ў справе правядзеньня адзіных палітдзён. Сёлетні загад зьмяніў назоў, але ня сутнасьць. Паколькі для Лукашэнкі цяпер актуальная праблема ідэалёгіі, то ён дадаў туды слова "прапаганда". Раней штомесяц выяжджалі ў правінцыю на палітдзень, і зараз, па-мойму, будуць рабіць тое ж. Акадэмія кіраваньня, Інстытут сацыяльна-палітычных дасьледваньняў будуць рыхтаваць брашуркі, прысьвечаныя чарговай значнай тэме. Колісь рабілі гэта да ўгодак вызваленьня Беларусі, да Дня перамогі і г.д. Цяпер групы ў складзе 1-2 чалавек будуць выяжджаць на прадпрыемствы, гутарыць з працоўным калектывам. Спачатку будуць што-небудзь распавядаць па тэме, а потым ужо адказваць на пытаньні, якія ў людзей, натуральна, з тэмай не зьвязаныя."
Аляксандар Пласкавіцкі гэтаксама дадае, што прапагандысцкія групы ў сваёй сутнасьці мала чым адрозьніваюцца ад абавязковага савецкага атрыбуту — таварыства лектараў "Веды". І абсалютная бальшыня цяперашніх агітатараў за новую ідэалягію плённа працавала на гэтай ніве яшчэ дваццаць гадоў таму. Аднак цяпер рухацца па інэрцыі ўжо ня так проста.
(Пласкавіцкі: ) "Пастановачнае шоў не атрымаецца. Каб было шоў, трэба ідэалёгію мець насамрэч, а не набор разнастайных ідэй, якія адна да адной дрэнна пасуюць. Калі каша ў галаве, нават пастаноўка не атрымаецца. Таму ў дадзеным выпадку, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра звычайныя задавальненьні для сярэдняга клясу чыноўнікаў. Выехаць у правінцыю, крыху там , так бы мовіць,"павыпендрывацца". Запытацца ў мясцовай вэртыкалі: як тут у вас, ці праўда, што Іванова падседжвае Пятроў? Адначасова гэта і для правінцыі шанец ўбачыць вялікага начальніка, зьвярнуцца да яго (калі атрымаецца) зь якой-небудзь просьбай. А менскі госьць адпачне ад паўсядзённых справаў, пакатаецца, пап'е, пад'есьць. Прапагандысты будуць гэта рабіць з задавальненьнем."
Гэтак ахарактарызаваў сутнасьць рэспубліканскіх інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў адзін з былых супрацоўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі.