Пасьля таго, як прыканцы мінулага тыдня скончыўся 3-месячны тэрмін забароны на выданьне “Белорусской деловой газеты”, яе рэдакцыя спадзявалася аднавіць звычайны графік выхаду. Нагадаю, што раней “БДГ” выходзіла 4 разы на тыдзень — з аўторку да пятніцы. У гэты панядзелак журналісты газэты ўвайшлі ў звычайны рэжым працы й падрыхтавалі чарговы нумар. Распавядае галоўная рэдактарка “БДГ” Сьвятлана Калінкіна.
(Калінкіна: ) “У гэтым нумары будуць матэрыялы пра гучныя крымінальныя справы, пра якія за той час, пакуль не выходзіла “БДГ”, ніводная зь беларускіх газэт не адважылася напісаць. Мы ў рэжыме звычайнага нумару плянуем працаваць, але калі зь беларускімі друкарнямі ня вырашым пытаньні, дык “БДГ” будзе выходзіць 2 разы на тыдзень”.
Пытаньне, дзе друкаваць “БДГ”, застаецца для яе выдаўца Пятра Марцава галоўным.
(Марцаў: ) “Юрыдычна мы маем права выходзіць, але, тым ня менш, пакуль пад пытаньнем друкарні на тэрыторыі Беларусі. І нейкія ёсьць сумневы ў распаўсюджваньні — у сэнсе супрацоўніцтва з “Саюздрукам”. З аднаго боку, дамовы ёсьць, а зь іншага — людзі ня могуць нічога зразумелага сказаць, таму што яны вусныя распараджэньні атрымоўвалі, а вусныя распараджэньні ніхто не скасоўваў. Таму мы на гэтым тыдні друкуемся ў Смаленску — два нумары “Белорусской деловой газеты”. І рэзэрвавы нумар застаецца “Новой газеты”.
Спадар Марцаў патлумачыў, што расейская “Новая газета” па-ранейшаму будзе друкаваць у Маскве ў пачатку тыдня беларускі спэцвыпуск, у якім можна прачытаць матэрыялы “БДГ”, але нельга ўбачыць яе назвы. А ўласна “Белорусская деловая газета” прынамсі на гэтым тыдні выйдзе ў сераду й пятніцу ў Смаленску.
Але ці вядуцца перамовы зь беларускімі друкарнямі наконт выхаду “БДГ”?
(Марцаў: ) “Ні з кім не вядзем, таму што ўсе адмовілі. Таму я зараз дамагаюся сустрэчы з новым міністрам інфармацыі, каб зразумець увогуле пазыцыю дзяржавы адносна сытуацыі зь “Белорусской деловой газетой”. Міністар першы дзень на працы, пакуль сустрэча не адбылася. Ніякіх іншых рашэньняў — забаронных або дазвольных — проста няма”.
“Белпошта” ды “Белсаюздрук” забавязаныя распаўсюджваць “БДГ”, таму што адпаведныя дамовы не былі скасаваныя, заявіў Пятро Марцаў. Таму ён спадзяецца, што смаленскія нумары “БДГ” трапяць да чытачоў афіцыйным шляхам.