Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАЗГАРАЕЦЦА КАНФЛІКТ ПАМІЖ АФІЦЫЙНЫМ МЕНСКАМ І КРАМЛЁМ НАКОНТ ВАЛЮТНАЙ ІНТЭГРАЦЫІ


Юры Дракахруст, Прага

Сёньня, выступаючы ў Давыд-Гарадку, Аляксандар Лукашэнка паўтарыў, што Беларусь пагадзіцца перайсьці на расейскі рубель толькі ў тым выпадку, калі Расея выканае ўсе пагадненьні, заключаныя ў межах саюзу. Ён заявіў, што Масква выканала дамову аб стварэньні саюзнай дзяржавы толькі напалову. У сыботу старшыня цэнтральнага банку Расеі Сяргей Ігнацьеў, выступаючы па першым тэлеканале, заявіў, што Масква гатовая на яшчэ адну саступку Беларусі – у выпадку пераходу Беларусі на расейскі рубель яна гатовая прапанаваць Менску не адно, а два месцы ў радзе дырэктараў Цэнтральнага банку Расеі. Разам з тым сп.Ігнацьеў падкрэсьліў, што ўсе ключавыя праблемы грашова-крэдытнай палітыкі будуць прымацца Цэнтральным банкам Расеі, дакладней яго радай дырэктараў.

Канфлікт паміж афіцыйным Менскам і Крамлём наконт валютнай інтэграцыі разгараецца. Сёньня Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Новае кіраўніцтва Расеі ня хоча ісьці тым шляхам, які быў выпрацаваны за апошнія 8-9 гадоў, а прапануе замяніць усе нашыя дамоўленасьці ўвядзеньнем расейскага рубля ў Беларусі”. Паводле Лукашэнкі, Масква не выканала шэраг эканамічных пагадненьняў, у прыватнасьці пра роўныя ўмовы гаспадараньня, і таму калі зараз Беларусь пойдзе на грашовае аб’яднаньне, то можа апынуцца бяз грошай, без заробкаў і пэнсіяў.

Сёньняшняя заява кіраўніка Беларусі стала адказам на ліст, які на мінулым тыдні накіраваў яму прэзыдэнт Расеі. Уладзімер Пуцін у сваім пасланьні заявіў, што пагадненьне аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель фактычна гатовае, і прапанаваў падпісаць яго ў бліжэйшы час. Ігнацьеў дадаў, што пажадана было б ратыфікаваць пагадненьне да 1 студзеня 2004 году, а дзеля гэтага яно мусіць быць падпісанае ў бліжэйшыя тыдні.

У мінулую сыботу старшыня Цэнтрабанку Расеі Ігнацьеў абнародваў яшчэ адну саступку Масквы ў пытаньні валютнай інтэграцыі – Беларусі прапаноўваюцца 2 месцы ў радзе дырэктараў Цэнтрабанку Расеі.

Зараз рада складаецца з 7 сябраў.Як адзначае расейскае інтэрнэт-выданьне Газета.Ру, “ці два беларусы заменяць двух дзейных сябраў рады, ці склад рады будзе пашыраны да 9 чалавек”. Паводле выданьня, размова хутчэй за ўсё ідзе пра другі варыянт. Аднак, у любым выпадку расейскія грамадзяне будуць мець перавагу ў воргане, які будзе вызначаць грашовую палітыку і для Расеі, і для Беларусі.

Расейскае выданьне” Время новостей” выказвае меркаваньне, што заява Сяргея Ігнацьева – не апошняя саступка з боку Масквы. “Сп.Лукашэнка ня можа не разумець, што Крамлю паводле і эканамічных і палітычных меркаваньняў трэба падпісаць пагадненьне менавіта зараз,” – піша газэта. “Время новостей” мяркуе, што ў адкрытую тармазіць пагадненьне Лукашэнка пабаіцца, і ў бліжэйшыя тыдні гандаль працягнецца.

Аднак, у інтэрвію газэце кіраўнік цэнтру палітычных тэхналёгіяў Ігар Бунін канстатуе, што праэкт увядзеньня расейскага рубля ў Беларусі ўжо пацярпеў няўдачу. Паводле Буніна, Лукашэнка аддае перавагу бясконцымі дэклярацыям аб сяброўстве з Расеяй, аднак рэальны праэкт тармозіць усімі сіламі, бо гэта страта Беларусьсю эканамічнай, а патэнцыйна і палітычнай незалежнасьці. Іншы экспэрт газэты, былы міністар эканомікі Расеі Яўген Ясін заяўляе, што Лукашэнка ўжо шмат часу дурыў Расеі галаву, прадстаўляючыся прыхільнікам саюзу. Ясін гаворыць, што кіраўнік Беларусі кожны раз уносіць новыя прапановы, якія адцягваюць прыняцьцё канкрэтнага рашэньня. Былы міністар эканомікі выступае за вызначанасьць адносінаў: калі будзе саюзная дзяржава, то яна мусіць мець адзіную валюту, калі не – “давайте дружить домами”, – гаворыць Яўген Ясін.

Варта таксама зьвярнуць увагу на сёньняшнюю заяву старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Леаніда Козіка. Ён выказаў перасьцярогу, што пераход Беларусі на расейскі рубель адкрые расейскаму капіталу наўпроставы шлях на беларускі рынак, алігархі за кароткі тэрмін могуць бескантрольна скупіць прадпрыемствы і банкі, тым самым дэзарганізаваўшы цяперашнюю беларускую эканамічную мадэль.

З супрацьлеглай пазыцыі тое ж самае канстатуе і расейскае выданьне “Вести недели”: “З увядзеньнем рубля на тэрыторыі Беларусі абрынуцца бар’еры паміж нашымі эканомікамі . Гэтага даўно чакаюць расейскія кампаніі, гатовыя ўкласьці грошы ў Беларусь. І гэтага асьцерагаюцца тыя, для каго сучасная, ізаляваная эканоміка – сваеасаблівае таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Беларусь”.

І самая апошняя інфармацыя. Віцэ-прэм’ер Расеі, міністар фінансаў Аляксей Кудрын заявіў сёньня, што тэрмін падпісаньня пагадненьня аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель залежыць выключна ад беларускага боку, расейскі бок да падпісаньня гатовы. Кудрын прыгадаў, што дакумэнт ужо парафіяваны міністрамі фінансаў і старшынямі нацыянальнага банку Беларусі і цэнтральнага банку Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG