Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПА-ЗА МЕЖАМІ ШКОЛЫ МЫ РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ”


Ганна Соусь, Менск

Сёньня ў першы дзень новага навучальнага году я зьвярнулася да мінакоў на менскіх вуліцах з пытаньнем, як яны ставяцца да таго, што з кожным годам у Беларусі скарачаецца колькасьць школаў зь беларускай мовай навучаньня?

(Спадар: ) “Адмоўна, як яшчэ да гэтага можна ставіцца?..”

(Спадарыня: ) “Адмоўна. Мы — беларусы, мы любім беларускую мову, сваю радзіму й хочам, каб такіх школаў было як мага больш. Мая дачка спачатку пайшла ў беларускамоўную школу, а пасьля яе перавялі ў расейскамоўную, таму што мы памянялі месца жыхарства, а там такой не было”.

(Дзяўчына: ) “Усё ж крыўдна, што мы ўсе размаўляем па-расейску. Я на жаль дрэнна ведаю беларускую мову, хаця хацела бы, каб усе вучылі беларускую мову”.

(Спадарыня: ) “Кепска, яны павінны быць. Мы беларусы, і беларуская мова — галоўнае”.

(Спадар: ) “Я думаю, што гэта слушна, бо зараз моладзь карыстаецца расейскай мовай. Беларуская мова не распаўсюджаная”.

(Спадарыня: ) “Беларусы павінны вучыцца на беларускай мове. Хаця мы й не беларусы, нарадзіліся ва Ўкраіне…”

(Карэспандэнтка: ) “А ўкраінскую мову ведаеце?”

(Спадарыня: ) “Разумеем, ведаем, размаўляем, і не забываем, хаця ў Беларусі пражылі ўжо 25 гадоў. У нас інтэрнацыянальная сям’я, таму ня ведаю, ці змаглі бы дзеці навучацца на беларускай мове. Але ж калі дачка паступала вучыцца, то пісала дыктоўку на беларускай мове”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта ня так істотна. У нас дзьвюхмоўная рэспубліка лічыцца, але ж большая колькасьць моладзі размаўляе толькі па-расейску. Я лічу, што трэба вучыць беларускую мову хаця б з той прычыны, што гэта наша гісторыя”.

(Другі спадар: ) “Па-беларуску… Ня ведаю, я сам з Расеі прыехаў. Можна вучыць, але каб без напругі. Моладзь размаўляе толькі па-расейску. Па-беларуску толькі бабулькі ў вёсках гавораць… або — на працы, або — карэспандэнты”.

(Трэці спадар: ) “Я лічу, што гэтая справа кожнага — выбіраць на якой мове размаўляць. Я лічу, што ня трэба скарачаць беларускія школы, аднак і ўсеагульна ўводзіць іх — гэта таксама скрайні крок”.

(Чацьверты спадар: ) “Кожны выбірае тое, што яму падабаецца. Ня трэба беларуская мова, значыць — ня трэба ім”.

(Карэспандэнтка: ) “А Вам?”

(Спадар: ) “Мне? Я яе ведаю, ды ўсё”.

(Пяты спадар: ) “Мы павінны ведаць сваю родную мову. Гэта адзін з самых важных аспэктаў навучаньня ў школе. Я навучаўся ў беларускамоўнай школе — ў сярэдняй Ігрушкаўскай школе. Трэба рабіць рашучыя крокі, у першую чаргу нашаму ўраду й міністэрству адукацыі”.

(Спадарыня: ) “Мы размаўляем у школе на расейскай мове. Я вучуся ў расейскай музычнай школе й добра стаўлюся да беларускіх школаў. Хачу, каб яны павялічваліся, і дзеці размаўлялі па-беларуску”.

(Другая спадарыня: ) “Нам вельмі падабаецца беларуская мова, і таму мы па-за межамі школы заўсёды размаўляем па-беларуску”.

Гэтак былі меркаваньні мінакоў на менскіх вуліцах наконт скарачэньня беларускамоўнага навучаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG