Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗЯНІН УКРАІНЫ СЯРГЕЙ ЛІШЧУК, АСУДЖАНЫ ДА СЬМЯРОТНАГА ПАКАРАНЬНЯ, ЗЬВЯРНУЎСЯ З ПРОСЬБАЙ ПАМІЛАВАНЬНЯ ДА А.ЛУКАШЭНКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Нядаўна Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бяз зьменаў сьмяротны прысуд грамадзяніну Ўкраіны Сяргею Лішчуку. Ён прызнаны вінаватым у шэрагу забойстваў. А паколькі злачынствы былі ўчыненыя на тэрыторыі Беларусі, яго судзіў Гомельскі суд на падставе беларускіх законаў. Адметнасьць справы ў тым, што Ўкраіна абвесьціла маратор на сьмяротныя пакараньні. Такім чынам, беларускім грамадзянам сьмяротная кара ва Ўкраіне не пагражае, а вось украінца ў Беларусі расстраляць могуць.

Ці зьбіраецца ўкраінскі ўрад дапамагаць свайму суайчыньніку? Адзін з украінскіх дыпляматаў у Беларусі заявіў, што афіцыйна амбасада ня будзе камэнтаваць гэтую справу, а потым неафіцыйна заўважыў, што наўрад ці ўрад Украіны заступіцца за забойцу, хай сабе і суайчыньніка.

У прэсавай службе міністэрства замежных справаў Украіны нічога ня ведалі пра тое, што грамадзянін гэтай краіны асуджаны на сьмерць у Беларусі. Між тым, справай Сяргея Лішчука ўжо заняўся офіс прадстаўніцтва АБСЭ ў Беларусі, куды ўкраінец даслаў ліст з просьбай пра дапамогу. У лісьце ён скардзіцца на адсутнасьць эфэктыўнай юрыдычнай дапамогі падчас судовага працэсу і пасьля яго. Паводле злачынцы, ягоны адвакат, які быў прызначаны дзяржавай, нават адмовіўся дапамагчы яму скласьці прашэньне памілаваньня на імя прэзыдэнта Беларусі.

Зараз менавіта кіраўнік Беларусі вырашае, ці будзе ўкраінцу дараванае жыцьцё. Пакуль вядомы толькі адзін выпадак, калі Аляксандар Лукашэнка задаволіў падобную — гэта было яшчэ ў 1999 годзе. За той год у Беларусі было пакарана сьмерцю 40 чалавек, але з кожным годам колькасьць пакараных зьніжалася. Праз год было расстраляна 10 злачынцаў, у 2001 годзе — 7, летась — 5. У Вярхоўным судзе Беларусі тлумачаць зьніжэньне колькасьці сьмяротных прысудаў увядзеньнем новага Крымінальнага кодэксу, які мае пажыцьцёвае зьняволеньне як альтэрнатыву сьмяротнай кары. “Сьмяротная кара выкарыстоўваецца ў выключных выпадках, калі дараваць чалавеку жыцьцё небясьпечна для грамадзтва”,— заяўляў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала. Паводле судзьдзяў, украінец Сяргей Лішчук ёсьць якраз такім злачынцам, але сам ён гэтак ня лічыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG