У жыльлёва-камунальным прадпрыемстве “Чачэрскае” сьцьвярджаюць, што каля 10% жыхароў райцэнтру ня могуць своечасова сплаціць грошы за сваё жытло й камунальныя паслугі.
Вось што, у прыватнасьці, паведаміла юрыстка прадпрыемства Ларыса Яўстраценка.
(Яўстраценка: ) “Прыкладна 10% уладальнікаў кватэраў ня ўносяць своечасова камунальныя плацяжы. Многія зь іх нідзе не працуюць. Некаторыя проста п’юць ці сядзяць у турме і ня плацяць. Мы ня ўсіх можам адключыць ад вады, асабліва калі ў сямі’і ёсьць дзеці. Праз натарыюса афармляем даўгавыя лісты, і ўжо з дапамогай судовага выканаўцы імкнемся спагнаць плату на працы гаспадара, ягонай жонкі ці кагосьці з чальцоў сям’і. Спагнаньне ідзе ўжо праз суд”,— кажа юрыстка Яўстраценка.
У арсэнале камунальнага прадпрыемства ёсьць і скрайнія захады. Паведамленьне пра адключэньне кватэраў ад гарадзкога вадаводу атрымалі больш як 30 сем’яў.
У іх ліку і сям’я Ўладзімера Драздова, што жыве ў двухпакаёвай кватэры ў доме №32 на вуліцы Савецкай. Распавядае спадар Уладзімер Драздоў:
(Драздоў: ) “Ёсьць ужо такое, што ў кватэры адключылі ваду і сьвятло. Гэта ў сям’і Чысьцяковых у нашым доме. Такое вось нахабства. Я таксама завінаваціўся за кватэру звыш 500 тысячаў рублёў. Патлумачу, калі я працаваў сьлесарам у прафтэхвучэльні, мой сярэдні заробак складаў 25 тысячаў рублёў. Гэта жахліва. Камунальныя пляцяжы растуць непамерна ў параўнаньні з заробкам — таму й даўгі. Зараз раён і людзі ў галечы”,— кажа спадар Драздоў.
Уладзімер Драздоў — беспрацоўны. Даўгі за кватэру, каб не насіць ваду з калонак у шматпавярховы дом, мяркуе сплаціць пасьля таго, калі зь ім разьлічыцца прыватная фірма, якой ён дапамагаў.
Што да намеру камунальнага прадпрыемства спрэс адрэзаць неплацельцаў ад камунальных паслугаў, і вады ў прыватнасьці, то падобныя захады ўжо ўкаранялі супрацоўнікі прадпрыемства “Водаканал” з абласнога цэнтру. Яны пісалі на дзьвярах кватэраў даўжнікоў сумы няўплаты. У выніку справа даходзіла ледзь не да бойкі.