Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ІРАКУ ЗАБІТЫ ДУХОЎНЫ ЛІДЭР ШЫІТАЎ

Юры Дракахруст, Прага

Выбух прагучаў у той момант, калі вернікі выходзілі зь мячэту пасьля пятнічнага маленьня. У мінулую нядзелю аятола Аль-Хакім ужо ледзь ня стаў ахвяраю замаху. Тады каля яго дому ў Наджафе выбухнула бомба, сам сьвятар быў лёгка паранены, загінулі два ягоныя целаахоўнікі і кіроўца.

Махамад Аль-Хакім у сёлетнім маі пасьля падзеньня рэжыму Садама Хусэйна вярнуўся ў Ірак з Ірану, дзе правёў у выгнаньні 23 гады. Адтуль ён кіраваў Вышэйшай Радай ісьлямскай рэвалюцыі ў Іраку, адной з самых вядомых апазыцыйных Хусэйну груповак ірацкіх шыыітаў. Махамада Аль-Хакіма параўноўвалі з іранскім аятолам Хамэйні , які таксама шмат гадоў правёў у выгнаньні, але ў 1979 годзе ўзначаліў ісламскую антышахскую рэвалюцыю і стаў лідэрам краіны.

Вярнуўшыся ў Ірак пасьля скіданьня дыктатуры, аятола Аль-Хакім выступаў за стварэньне ў краіне ісламскай дзяржавы. Ён заняў памяркоўна-нэгатыўную пазыцыю што да акупацыі Іраку сіламі кааліцыі. Аятола выступаў за іх вывад, аднак не выступаў за ўзброеную барацьбу зь імі, больш за тое – ягоны брат Адбэль-Азыз Аль-Хакім увайшоў у склад сфармаванай амэрыканскай адміністрацыяй кіраўнічай рады Іраку – пераходнага ўраду краіны. Абдэль-Азыз Аль-Хакім раней кіраваў баявой арганізацыяй Вышэйшай рады ісьлямскай рэвалюцыі ў Іраку.

Пагрозы на адрас аятолы Аль-Хакіма з боку канкуруючых шыіцкіх сьвятароў упершыню прагучалі адразу пасьля падзеньня рэжыму Хусэйна. Пакуль ніводная арганізацыя ці групоўка не ўзяла на сябе адказнасьць за забойства духоўнага лідэра шыітаў. Некаторыя лічаць гэта акцыяй прыхільнікаў скінутага рэжыму Хусэйна, іншыя гавораць, што забойства стала вынікам канфліктаў паміж варагуючымі шыіцкімі групоўкамі. Існуе пагроза, што забойства аяталы Аль-Хакіма можа выклікаць шыіцкія хваляваньні ў Іраку.
XS
SM
MD
LG