Напачатку жніўня “Гомельхлебпрам” ужо падвышаў кошты на хлеб. Вось што, у прыватнасьці, распавяла загадчыца спэцыялізаванай крамы “Каравай” Сьвятлана Каланчук.
(Каланчук: ) “У нас кожны дзень прадаецца 50 найменьняў хлебабулачных вырабаў. Усе яны і падаражэлі напачатку жніўня. Кожны гатунак на 10-15 рублёў, што складае 3-5% ад кошту. Нам асабліва не тлумачылі, але зьвязана гэта з новым ураджаем. Сыравіна новая — і ўсё падаражэла”.
Паводле цяперашняга рашэньня аблвыканкаму, мука пшанічная вышэйшага гатунку стала каштаваць 484 рублі, першага гатунку — 352 рублі за кіляграм. Гэта адпаведна на 44 і 52 рублі болей, чым да нядаўняга часу.
У гэтай сувязі прадпрыемства “Гомельхлебпрам” цягам двух бліжэйшых месяцаў паступова павялічыць кошты на батоны і іншыя белыя вырабы прыкладна на 5-6%, на чорны хлеб — на 2-3%. Пра гэта заявіў нашаму радыё генэральны дырэктар “Гомельхлебпраму” Аляксандар Казачок.
Новыя кошты на муку і хлеб, паводле меркаваньня некаторых чыноўнікаў, павінны абараніць беларускі рынак ад суседзяў-украінцаў. Пасьля ліпеньскага падвышэньня коштаў ва Ўкраіне на шэраг харчовых прадуктаў, у тым ліку на муку і хлеб, украінцы сапраўды куплялі беларускую муку і крупы. Цяпер сытуацыя троху зьмянілася.
Распавядае прыватная гандлярка зь мястэчка Шчорс Чарнігаўскай вобласьці спадарыня Натальля…
(Гадлярка Натальля: ) “Было такое, што куплялі. Трохі мукі, рысу. Пакуль ёсьць запас. У вас таксама пасьля таго, як я купіла, падвысілі цэны. Мука і рыс ужо каштуюць аднолькава, розьніца ў 10 капеек. Пагана, што падвышаюць і ў нас, і ў вас. Трэба, каб не падвышалі, а зьніжалі. Цяжка нам стала!”
У сваю чаргу дробным расейскім гандлярам падвышэньне ў Беларусі коштаў на муку і хлеб надзвычай выгадна. Яны, нават ня маючы ліцэнзіяў, кантрабандна гандлююць таньнейшым расейскім хлебам у суседніх раёнах і бойкіх месцах абласнога цэнтру, ствараючы пры гэтым сур’ёзную канкурэнцыю беларускім хлебапёкам.