Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМІЖ АФІЦЫЙНЫМ МЕНСКАМ І КРАМЛЕМ РАЗГАРАЕЦЦА ЧАРГОВЫ КАНФЛІКТ


Юры Дракахруст, Прага

Учора Аляксандар Лукашэнка, выступаючы ў Воршы, заявіў, што з увядзеньнем расейскага рубля ня варта сьпяшацца. Ён сказаў, што на гэты конт ідуць складаныя перамовы, дадаўшы, што якія б пагадненьні не былі заключаныя, Беларусь можа апынуцца ў ролі другараднай дзяржавы.

Кіраўнік Беларусі паведаміў, што яшчэ тыдзень таму Ўладзімер Пуцін прапанаваў яму падпісаць пагадненьне аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель. Паводле Лукашэнкі, ён адказаў Пуціну, што пагадненьне можна падпісаць, але як яно будзе ўводзіцца, у які час – гэта асобнае пытаньне. Зьвяртаючыся да аршанцаў, кіраўнік Беларусі сказаў: “Свае беларускія рублі трымайце ў кішэні. Іх мала, але гэта сваё”.

Паміж афіцыйным Менскам і Крамлем разгараецца чарговы канфлікт. Заявы кіраўнікоў двух дзяржаваў маюць відавочна супрацьлеглы зьмест і скіраванасьць. Калі Пуцін заяўляе, што пагадненьне пра пераход Беларусі на расейскі рубель гатовае да падпісаньня і прапануе падпісаць яго тэрмінова, то Лукашэнка заяўляе, што працягваюцца складаныя перамовы і што сьпяшацца ня варта. Вастрыню канфлікту падкрэсьлівае тое, што, як вынікае з матэрыяла майго калегі Юрыя Сьвірка, ліст Пуціна стаў адказам на заявы Лукашэнкі. Дарэчы, яшчэ ўчора прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў сказаў, што Масква вырашыла не даваць пасьпешлівых камэнтароў заяваў беларускага кіраўніка. Але ўжо сёньня, як бачым, Крэмль вырашыў адысьці ад звыклай тактыкі – не рэагаваць на рыторыку беларускага лідэра. Лукашэнка кінуў выклік – Пуцін яго прыняў.

Што тычыцца фактычнага боку, то здаецца, што рацыя ў большай ступені на баку расейскага прэзыдэнта – сапраўды днямі адпаведнае пагадненьне было парафіяванае ўрадоўцамі Беларусі і Расеі, у ім вызначаныя як тэхнічныя пытаньні, гэтак і прынцыповае і самае галоўнае – пра адзіны эмісійны цэнтар. Што ж тычыцца тэрміну ўвядзеньня расейскага рубля, то ён вызначаны 1 студзеня 2005 году. І вызначаны ён дамоваю аб стварэньні саюзнай дзяржавы, якую ў 1999 годзе падпісаў зь беларускага боку ніхто іншы, як Аляксандар Лукашэнка. Так што наконт “складаных перамоваў”, пра якія ён прыгадаў у Воршы двойчы, то яны ўжо скончыліся.

Але ёсьць і іншы, самы галоўны бок праблемы – палітычны. У Воршы Лукашэнка заявіў, што незалежна ад выніку “складаных перамоваў” ён перасьцерагаецца, што Беларусь у выпадку пераходу на расейскі рубель “стане другараднай дзяржаваю”. Іншым чынам, як з Расеяй не дамаўляйся – вынік для сувэрэнітэту Беларусі артымліваецца небясьпечны. Такім чынам, Лукашэнка даў зразумець, што яго наўрад ці задаволіць любы варыянт валютнага пагадненьня. Далей ён тлумачыў, што ўвядзеньне іншай валюты – гэта фактычна аб’яднаньне з Расеяй, што калі грошы беларусы будуць атрымліваць з Расеі, то і асноўныя пытаньні беларускага жыцьця будуць вырашаць не беларусы, не беларускі ўрад і ня ён, Лукашэнка, а іншыя людзі. Гучыць як цытата з праграмы Беларускага Народнага Фронту.

Зусім самавыкрывальна прагучаў наступны пасаж з тлумачэньняў кіраўніка дзяржавы: “Насельніцтва ўжо разабралася. Калі раней крычалі: давай нам расейскі рубель, нам гэта выгадней – сёньня ўжо мазгамі параскінулі, гавораць: ведаеце, хай нашая валюта і слабейшая, але гэта – сваё”.

Напрошваецца пытаньне, а хто ж гэта ў Беларусі гучней за ўсіх крычаў: “Давай нам расейскі рубель”? Ці не Аляксандар Лукашэнка? Але калі ён сам зараз, паводле ўласнага выразу, “параскінуў мазгамі” і вырашыў, што сваё лепш за чужое, то як гаворыцца “лепш позна, чым ніколі”.

Гэта ня першая ўльтыматыўная інтэграцыйная прапанова Пуціна, варта прыгадаць хаця б ягоную леташнюю ініцыятыву наконт уваходжаньня Беларусі ў Расею шасьцю губэрнямі. Паводле таго пляну, дарэчы, у гэтым сьнежні мы б ужо абіралі беларускіх дэпутатаў у расейскую Дзярждуму. Але гэтага не адбудзецца. Так што гэтыя ўльтыматумы ня маюць вялікага плёну. Больш за тое, адступленьне ад інтэграцыі ідзе, так бы мовіць, па ўсіх франтох: на перамовах па праватызацыі “Белтрансгазу” – пат, удзел расейскага капіталу ў прыватызацыі беларускага нафтахіму – правал, учора ў Воршы Лукашэнка ўпершыню заявіў пра магчымасьць аднаўленьня мытнай мяжы з Расеяй.

Расея можа скарыстаць “газавую пугу”, каб зрабіць Лукашэнку больш згаворлівым. Але вынік такога кроку прагназаваць цяжка – наступствам можа стаць рост антырасейскіх настрояў у Беларусі і гуртаваньне беларусаў вакол лідэра, які абараняе народ ад “драпежных суседзяў”. Іншы вынік – сыход Лукашэнкі, таксама невідавочна выгадны Расеі. А як расейскі электарат, асабліва ў год выбараў, паглядзіць на тое, што Масква марозіць братоў-беларусаў? Так што карыстацца гэтай “пугаю” можа стаць для Крамля сабе даражэй.

Цалкам магчыма, што прапанова Пуціна наконт падпісаньня дамовы пра пераход на расейскі рубель і разьлічаная на адмоўны адказ Лукашэнкі. Дакладней так: калі Лукашэнка пагодзіцца, то Расею гэта задаволіць. Хаця ў праекце пагадненьня яна і пайшла на пэўныя саступкі, але, як трапна заўважыў Лукашэнка, пры расейскім рублі Беларусь сапраўды стане другараднай дзяржаваю. А калі кіраўнік Беларусі адмовіцца ад ранейшых, ужо нават парафіраваных пагадненьняў – таксама няблага. Сапраўды, ня выключана, што сёньняшні ліст Пуціна, як і леташнія прапановы пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі – ня больш, чым піяр, чарговы крок па разбурэньні іміджу Лукашэнкі-інтэгратара. Пра гэта ўскосна сьведчыць нядаўняя заява кіраўніка расейскага Саюзу правых сілаў Барыса Нямцова наконт таго, што галоўны інтэгратар – гэта Пуцін, а галоўная перашкода на шляху інтэграцыі –Лукашэнка.

На гэтую піяр-атаку кіраўнік Беларусі робіць нейкія крокі ў адказ: зьмест ягоных апошніх заяваў палягае ў тым, што ён у прынцыпе ня супраць валютнай інтэграцыі, але Расея мусіць выканаць тое, гэтае, пятае, дзясятае. Інтэграцыйная гульня працягваецца.

Але выглядае, што калі ня ўзьнікне новых чыньнікаў, якія кардынальна мяняюць сытуацыю, то найбліжэйшым часам яна так і застанецца ў прасторы рыторыкі і беларусам, як параіў Лукашэнка, “свае беларускія рублі варта трымаць у кішэні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG