Рэдакцыйны калектыў БДГ цяпер рыхтуеццца да выданьня газэты пад сваёй уласнай назвай. Галоўная рэдактарка Сьвятлана Калінкіна сказала ў інтэрвію беларускай Свабодзе:
(Калінкіна: ) “Ніякіх новых зьвестак. Ані “Белсаюздрук”, ані друкарні не атрымалі ніякіх указаньняў у нашай справе і таму ня ведаюць, што ім рабіць. З аднога боку ўсе дамовы ёсьць і газэта можа прадавацца, але зь іншага яны чакаюць ад Міністэрства інфармацыі указаньняў “ці можна гэта рабіць?” Такім заўтра апошні дзень калі дзейнічаюць санкцыі ў адносінах да БДГ. Калі друкарні й “Белсаюздрук” не атрымаюць у нашай справе ніякіх указаньняў — мы будзем друкавацца ў Смаленску й распаўсюджвацца праз альтэрнатыўную сыстэму”.
На думку Сьвятланы Калінкінай, аднаўленьне выхаду БДГ будзе цалкам законным, бо Міністэрства інфармацыі не падавала судовага пазову аб закрыцьці выданьня.
Гэта пацьвердзіў і намесьнік міністра інфармацыі Станіслаў Нічыпаровіч:
(Нічыпаровіч: ) “Адпаведна закону трэба дзейнічаць. Ёсьць Закон “Аб друку”, і няхай дзейнічаюць”.
(Карэспандэнт: ) “Ці азначае гэта, што БДГ можа выходзіць?”
(Нічыпаровіч: ) “Ну так пэўна ж. Калі не прыпыненая дзейнасьць або яна была прыпыненая і тэрмін скончыўся, то яны маюць права, адпаведна закону, выходзіць. Скончыўся тэрмін прыпыненьня дзейнасьці — уступае зноў у сілу пасьведчаньне. Вось і ўсё”.
Пры гэтым Станіслаў Нічыпаровіч дадаў, што ніякіх дадатковых распараджэньняў “Белсаюздруку” і друкарням ягонае ведамства даваць не павінна.
Нагадаю, што былі міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны прыняў рашэньні прыпыніць на 3 месяцы выхад БДГ, бо газэце і яе дадатку былі вынесеныя 3 папярэджаньні. Уладам не спадабалася, як журналісты пісалі пра Аляксандра Лукашэнку, як асьвятлялі судовы працэс над былым дырэктарам Трактарнага заводу Міхаілам Лявонавым, а таксама артыкул пра магчымую датычнасьць генпракурора Віктара Шэймана да махінацыяў на менскім гарэлачным заводзе “Крышталь”.
Кіраўніцтва БДГ спрабавала абскардзіць гэтыя папярэджаньні ў судзе, але безвынікова. Усе гэтыя 3 месяцы матэрыялы журналістаў БДГ выходзілі пад шапкамі выданьняў “Эхо”, “Предпринимательская газета”, “Салідарнасьць”, “Belarus Today”. Наклады многіх гэтых выданьняў арыштоўваліся і канфіскоўваліся, беларускія друкарні адмаўляліся друкаваць іх. Апошнія паўтары месяцы матэрыялы БДГ выходзілі ў спэцвыпусках расейскай “Новой газеты”.
Сьвятлана Калінкіна лічыць, што, спыніўшы выхад БДГ, улады сваёй мэты не дасягнулі, бо газэта ўсё роўна даходзіла да чытача. Хаця па выданьні й быў нанесены моцны эканамічны ўдар.
Паводле Сьвятланы Калінкінай, пакуль БДГ будзе выходзіць з пэрыядычнасьцю 2 разы на тыдзень.