Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“УВАГА ЗАХАДУ ДА СПРАВЫ БАНДАЖЭЎСКАГА НЯ ЁСЬЦЬ ЧАСОВАЙ АКЦЫЯЙ”


Ул. інф.

Камітэт у падтрымку Юрыя Бандажэўскага ў Грэноблі быў створаны тры гады таму, пасьля таго, як па тэлевізыйных эўрапейскіх каналах прайшлі фільмы пра лёс гомельскага прафэсара. Аўтар гэтых фільмаў — жыхар Жэнэвы, швайцарскі тэлежурналіст Уладзімер Чарткоф, па сутнасьці, з’ініцыяваваў стварэньне як Грэнобальскага камітэту, так і шматлікіх іншых грамадзкіх рухаў за вызваленьне беларускага навукоўца.

Сёлета Грэнобальскі камітэт, які выступае за права навукоўцаў дасьледваць і за права грамадзкасьці атрымліваць гэтую інфармацыю, сабраў 10 тысячаў подпісаў у падтрымку зьняволенага беларускага прафэсара і затым накіраваў адмысловы ліст у Менск, у Палату прадстаўнікоў з патрабаваньнем перагледзець справу. Днямі у Грэноблі адтрымалі адказ ад беларускіх парлямэнтароў. Паводле швайцарскага журналіста, зь ліста вынікае, што нават прэзыдэнт Беларусі схільны перагледзець справу для вызваленьня гомельскага навукоўца.

(Чарткоф: ) “Камітэт выкананьня пакараньняў, гаворыцца ў лісьце, прапануе Бандажэўскаму падаць прашэньне адносна памілаваньня на адрас прэзыдэнта. Мне падаецца, што ўлады былі б радыя, калі б маглі неяк пазбавіцца ад яго. Гэта ня самы звычайны для іх вязень. Аднак, наколькі мне вядома, Бандажэўскі падасьць не прашэньне памілаваньня, бо не прызнае ніякае віны, а прашэньне адносна зьмены меры стрыманьня ў зьвязку з тым, што яму трэба займацца вельмі важнай для Айчыны навуковай дзейнасьцю. Хутчэй за ўсё, ён гэта ўжо зрабіў. Бо сёньня ў турме, дзе яго ўтрымліваюць, мусіць адбыцца першы этап разгляду пытаньня адносна памілаваньня, — гаворыцца ў лісьце парлямэнтароў. І затым дакумэнты будуць перададзеныя ў Камітэт выкананьня пакараньняў”.

Паводле швайцарскага журналіста, цяперашняя ўвага эўрапейскай і ўсясьветнай грамадзкасьці да справы Бандажэўскага ня ёсьць нейкай часовай акцыяй. Адпаведны ціск на Менск робіць Камісія ААН у правах чалавека ў Жэнэве.

(Чарткоф: ) “Камісіяя ААН вядзе клясычную працэдуру. Яна грунтоўна вывучае дасье ў справе Бандажэўскага. Ёсьць пэўная надзея ў зьвязку з тым, што ААН сур’ёзна занялася гэтай справай. Яна будзе працягвацца, пакуль Бандажэўскага не вызваляць з турмы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG