Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНС-ГЕОРГ ВІК: “БЕЛАРУСЬ ЁСЬЦЬ ПРАБЛЕМНЫМ ДЗІЦЁМ ЭЎРОПЫ”

Ул. інф.

Камэнтуючы нядаўнюю дэпартацыю зь Беларусі маладога сацыял-дэмакрата Яна Буша і таксама нявыдачу візы на ўезд адказнаму прадстаўніку АБСЭ ў справах прэсы, нямецкаму сацыял-дэмакрату Фраймуту Дувэ, Ганс-Георг Вік назваў гэта відавочным антынямецкім момантам у беларускай палітыцы.

(Вік: ) “Тое, што яны не далі візы ў Беларусь прадстаўніку АБСЭ спадару Дувэ, гэта надзвычайнае рашэньне; тое, што яны дэпартавалі з краіны Яна Буша — усё гэта надзвычайныя рашэньні, гэта сыгнал таго, што яны, беларускае кіраўніцтва, выступаюць супраць кіроўнай партыі Нямеччыны. Тут ёсьць антынямецкі момант. І я яго, дарэчы, адчуў, калі сам знаходзіўся на пасадзе кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску. Канечне, апошнія дзеяньні беларускага кіраўніцтва ёсьць падставай для таго, каб Нямеччына перагледзела сваю стратэгію ў дачыненьні да Беларусі, якая раней выглядала як падтрымка дэмакратыі ў гэтай краіне”.

(Карэспандэнтка: ) “Аднак, мяркуючы зь нямецкай прэсы, з боку нямецкага ўраду, а тым больш з боку сацыял-дэмакратычных палітыкаў назіраецца ня надта вялікая рэакцыя на крокі афіцыйнага Менску?”

(Вік: ) “Пратэсты былі. З боку нямецкага ўраду, нямецкай амбасады ў Беларусі. Аднак існуе ня толькі тое, што трапляе ў прэсу. Як нядаўна сказаў адзін адказны прадстаўнік Эўрапейскай камісіі, Беларусь — нашае праблемнае дзіця. Гэта значыць, што, па-першае, мы ўспрымаем Беларусь як частку эўрапейскай сям’і. Па другое, што гэтае дзіця апынулася на няслушным шляху, зусім не на тым, па якім крочыць Эўропа. І, канечне, далейшы палітычны дыялёг мусіць быць перагледжаным”.

(Карэспандэнтка: ) “Аднак звонку ўсё выглядае так, што беларуска-нямецкія дачыненьні якімі былі на працягу апошніх дзесяці год, такімі і засталіся?”

(Вік: ) “Гэта толькі вонкава так, але ня ў сутнасьці. Тое, што засталося па-за кадрам, можна сфармуляваць так: у Нямеччыне пераканаліся, што Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі ня можа знайсьці прымальны для эўрапейскай супольнасьці шлях”.
XS
SM
MD
LG