Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 27 ЖНІЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Газэта “Бацькаўшчына”, 1953 год, “Жахлівы стан школьніцтва ў БССР”:

“Учительская газета”, орган Міністэрства Асьветы СССР, падае некаторыя цікавыя дадзеныя пра будаўніцтва школьных памяшчэньняў у БССР. У Маладэчынскай акрузе будаўніцтва школаў выкананае толькі на 3,7%. На працягу чатырох месяцаў бягучага году ў БССР з фондаў, прызначаных на пабудову школаў, выкарыстана 25,3% у гарадох і 14,1% у вёсках. З папярэдніх нумароў даведваемся, што, ня гледзячы на пастанову ХІХ зьезду камуністычнай партыі Савецкага Саюзу аб пераходзе да агульнага 10-ці гадовага абавязковага навучаньня, на сёньняшні дзень ня ўсе дзеці БССР абнятыя нават пачатковым навучаньнем. Даведваемся, што, прыкладам, у ваднэй толькі воласьці Гомельскага раёну 500 дзяцей зусім не наведвае школы”.


“Голас Радзімы”, 1973 год, “Словы вяртаюцца праз стагодзьдзі”:

“Пасьля трыццаці гадоў дасьледаваньняў мовазнаўцы Акадэміі навук БССР завяршылі стварэньне картатэкі слоўніка старажытнабеларускай мовы, які адлюстроўвае лексыку за чатыры стагодзьдзі — ад канца ХІV да канца XVIII ст. Навуковыя супрацоўнікі сэктару гісторыі беларускай мовы АН БССР правялі вялікую работу. Яны адшукалі старажытныя кнігі і рукапісы. Часам іх даводзілася “здабываць” за межамі рэспублікі, нават за рубяжом. Пры адборы крыніц вучоныя абапіраліся на два сьпісы старадаўніх пісьмовых помнікаў, складзеных выдатным беларускім філёлягам Я.Карскім. Гэтаму вучонаму належыць і сама ідэя стварэньня слоўніка старабеларускай мовы”.


“Витебский курьер”, 1993 год, “Прымерка адбылася”:

“Другі месяц стаіць помнік у сквэрыку на рагу вуліц Суворава і Чэхава. Задуменна, падпёршы кулаком падбародак, глядзіць з сумам бронзавы Ўладзімер Караткевіч, калі ж падыдуць і паставяць яго на пастамэнт. У рамках адшумелага “Славянскага базару” не пасьпелі, хоць і плянавалі. І вось у сераду прыгадалі. Пад’ехаў грузавік, кран, паднялі помнік і паставілі на месца. Праўда, пасьля прымеркі яго зноў прыбралі да часу “Ч”. Відаць, ужо хутка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG