Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПОШНЯЯ СЬПІЦА Ў КАЛЯСЬНІЦЫ “ВЭРТЫКАЛІ”


Аляксандар Уліцёнак, Менск

За савецкім часам вылучэньне начальнікам у прафсаюзы называлі “ганаровай высылкаю”. Той, хто трапляў туды, лічыўся апошняй сьпіцаю ў намэнклятуранай калясьніцы. А зараз канцом бюракратычнай кар’еры успрымаюць накіраваньне ў апарат Саветаў... Вось што кажа дэпутат з Баранавічаў, які пажадаў застацца ананімным:

(Дэпутат: ) “Калі людзі яшчэ ведаюць старшыню райвыканкаму, яго прозьвішча, намесьнікаў старшыні, нейкіх чыноўнікаў, то можаце аб’ехаць увесь Баранавіцкі раён, і я ня думаю, што нехта з простых людзей, калгаснікаў, назаве вам прозьвішча старшыні раённага савету. На чале райсавету знаходзяцца людзі, пастаўленыя туды “вэртыкальлю”. Старшыня — былы намесьнік старшыні райвыканкаму. Проста чалавек перайшоў з кабінэта ў кабінэт. Старшыні камісіяў, зноў жа, у пераважнай бальшыні выканкамаўскія чыноўнікі: загадчыца аддзела адукацыі, кіраўнік справамі райвыканкаму, намесьнік старшыні райвыканкаму... Ну пра які падзел галінаў улады можна казаць у дадзеным выпадку?”

Чаму так складваецца, зразумець няцяжка. Калі праглядзець увесь склад Баранавіцкага раённага савету, то ён не вызначаецца арыгінальнасьцю сярод іншых: старшыні калгасаў, дырэктары школаў, прадпрыемстваў, выканкамаўскія чыноўнікі. Адным словам, прызначаныя дэпутаты “выбралі” сабе прызначанае кіраўніцтва.

Вось як кажа пра гэта фэрмэр з пасёлку Гарадзішча Павал Поляк:

(Поляк: ) “Тут падбіраецца як: старшыні калгасаў там, брыгадзіры, гэта ўсё яму верныя людзі — Лукашэнку. Гэткая ўлада ўжо паказала: што яны хочуць, тое і робяць”.

Моц спайкі той каманды шмат у чым тлумачыцца ейнай партыйнай загартоўкай. У Гомельскай вобласьці падчас апошняй выбарчай кампаніі сфармаваны 26 галаўных і 289 базавых Саветаў. Абласны ўжо трэцім разам ачоліў Валер Сяліцкі. Да таго ён шэсьць гадоў хадзіў у намесьніках, бо пасаду старшыні сумяшчалі напачатку першыя сакратары абкамаў КПБ, затым — кіраўнікі аблвыканкамаў. Гэта падкрэсьлівала статус Саветаў. Дарэчы, спадар Сяліцкі і сам раней працаваў першым сакратаром Мазырскага гаркаму. Падобны шлях прайшлі многія цяперашнія кіраўнікі прадстаўнічай улады вобласьці. У прыватнасці, старшыня Чачэрскага райсавету Генадзь Казлоў, які на сваёй пасадзе таксама трэці тэрмін, старшыня Гомельскага райсавету Іван Анціпенка, Мазырскага — Вольга Арцёменка, Жлобінскага — Віталь Байкачоў...

Прыблізна гэтак сытуацыя выглядае і ў іншых рэгіёнах краіны. Напрыклад, Пастаўскім райсаветам кіруюць сябры пралукашэнкаўскай КПБ Віктар Арэхаў і Баляслаў Шылько. З правераных кадраў, якія атрымалі мандаты ў безальтэрнатыўных акругах, сфармаваны прэзыдыюм, ім жа даручана кіраўніцтва сталымі камісіямі. Гэткай камунізацыі Савету ёсьць тлумачэньне — у раёне вельмі моцны дух мінулага: так, помнік Леніну тут паставілі ў час забароны некалі створанай ім партыі.

Наступная адметная рыса савецкага кіроўнага апарату — ягоная вывучка ў розных структурах “вэртыкалі”. Пра начальства Магілёўскага гарсавету распавядае дэпутат Кірыл Шарапкін:

(Шарапкін: ) “У бальшыні гэта тыя людзі, якія кіравалі і ў мінулым. Калі была першая сэсія, усе зразумелі, што застанецца папярэдні старшыня. Намесьнік старшыні адначасова зьяўляеца кіраўніком адміністрацыі аднаго з раёнаў”.

(Карэспандэнт: ) “Адначасова працуе і там, і там?”

(Шарапкін: ) “Так. Законам тое не забаронена. Усе кіраўнікі раёнаў нашага гораду зьяўляюцца таксама дэпутатамі гарсавету, кіраўнікамі ці намесьнікамі старшыняў гарсаветаўскіх камісіяў. Старшыня сам прапанаваў іх…”

Адзін зь лідэраў Асамблеі дэмакратычных дэпутатаў Беларусі Марат Афанасьеў выразным фактам завяршае размову пра “вэртыкальнае” засільле Саветаў і тлумачыць, чым яго небясьпечнае:

(Афанасьеў: ) “Ім не хапае самастойнасьці. Цяпер яны бяспраўныя ў поўным сэнсе гэтага слова, і цалкам залежныя ад выканаўчае ўлады. Калі ўзяць, напрыклад, Шклоўскі раён, дык там у Савеце зараз знаходзяцца пяцёра намесьнікаў старшыні выканкаму. Гэта зроблена можа нават адмыслова. Каб цалкам ліквідаваць гэты ворган як самастойны. Гэта дэградацыя… Гэта дэградацыя — там няма прадстаўнічае ўлады!”

Тут можна паспрачацца: людзі з “вэртыкалі” вельмі добра прадстаўляюць інтарэсы таго, хто фактычна блаславіў іх у дэпутаты... 40-гадовы Ўладзімер Шпакоўскі прайшоў у Менскі абласны Савет. Пры Лукашэнку ён скончыў прэзыдэнцкую Акадэмію кіраваньня, што дапамагло ў кар’еры — зараз у аблвыканкаме займаецца кадравымі пытаньнямі. Малады дэпутат вельмі высока ацэньвае сучасную намэнклятурную школу:

(Шпакоўскі: ) “У часы гэтак званага “застою” жылі больш разьмерана і спакойна. Зараз рытм жыцьця іншы: насычаны, імпульсыўны. Раней было больш ідэалягічнай працы, партыйныя органы займаліся шмат пытаньнямі падбору і расстаноўкі кадраў. Сёньня няма гэтых органаў. Сёньня ёсьць адная дзяржаўная ўлада, пачынаючы ад прэзыдэнта і па “вэртыкалі” сканчаючы раённымі, сельскімі выканаўчымі камітэтамі”.

Спадар Шпакоўскі лічыць, што Саветы — важнейшая частка гэтага агульнага мэханізму, у прыватнасьці, яны шмат могуць у актуальнай для ўлады ідэалягічнай працы:

(Шпакоўскі: ) “Мне вельмі імпануе думка прэзыдэнта, што кожны кіраўнік на сваім рабочым месцы павінен быць ідэолягам. Нельга, каб гэтай працай займаўся толькі нейкі асобны чыноўнік, які за тое атрымлівае грошы. А для таго, каб сёньня кіраўнікі былі нарамалёвыя, для гэтага ёсьць кадравыя службы. Сёньня расстаноўка кадраў — важнейшая справа. У нас, напрыклад, губэрнатар за кадрамі наглядае”.

А вось адказ на пытаньне, ці мае права чыноўнік “вэртыкалі” або савецкага апарату на сваю думку, адрозную ад афіцыйна прынятай?

(Шпакоўскі: ) “Чалавек — дзяржаўны чыноўнік — ён мусіць стопрацэнтова весьці лінію дзяржавы. Дзяржава наймае яго, каб ён вёў дзяржаўную лінію. Нельга, каб чыноўнік на сваёй пасадзе займаўся нейкімі іншымі пытаньнямі. Калі нехта нязгодны зь дзяржаўнай палітыкай, ён мусіць падаць у адстаўку. Напрыклад, я сябе лічу дзяржаўным чалавекам. Таму што палітыка нашае дзяржавы — гэта маё жыцьцё, мая праца”.

Лёгка сказаць: “Думаеш па-іншаму, дык ідзі да тых, хто плоціць за іншадумства!” Але, як заўважае Марат Афанасьеў, гэта нерэальна хоць бы з прычыны крызыснага стану краіны:

(Афанасьеў: ) “Цяпер сыстэма такая, што ім няма куды падзецца! Няма… Калі прыйдзе іншы час, яны скажуць: “А чаму ж вы не былі тады ва ўладзе? Мы б вам падпарадкоўваліся! Гэта… Гэта як кокан! У якім яны сёньня закрываюцца”.

Дадамо — яшчэ тут школа паслухмянасьці, выхаваная пры БССР і даводзімая сёньня ў РБ да нейкага гіпэртрафаванага стану. Каб заставацца ў чынавенскіх шэрагах, трэба строга прытрымлівацца правілаў палітычнай гульні: хай насуперак лёгіцы, але калі фактычна “вэртыкаль” наперадзе Саветаў, дык і маўчы, падпарадкоўвайся. Пра гэта — размова з Кірылам Шарапкіным:

(Карэспандэнт: ) “Якіх якасьцяў не хапае сёньняшнім кіраўнікам савету? Кантакты ў іх ёсьць, сувязі таксама, базавыя прафэсіяналізм ды інтэлект ёсьць… Чаго ж няма?”

(Шарапкін: ) “Не хапае разуменьня таго, што Савет павінен быць асноўнай кіроўнай інстанцыяй, а выканкам — толькі ягоным органам”.

(Карэспандэнт: ) “На сёньня ж выканкам традыцыйна дыктуе сваю волю гарсавету, і той паслухмяна штампуе рашэньні, падрыхтаваныя там?”

(Шарапкін: ) “Такім чынам, ідэалу не атрымоўваецца…”

Але няўжо машына ўлады такая бездакорная, што літаральна ўсе тыя, хто не пазыцыянуюць сябе дэмакратамі, падчыніліся ейным няпісаным законам? Як вядома, у правілах ёсьць выключэньні. І тут — таксама. Вось прыклад. Сярод самых непатапляльных дэпутатаў Аршанскага гарсавету Хачык Хачатураў і Віталь Сівакоў. Першы доўгія часы быў дырэктарам школы, і таму чатыры ці тры тэрміны запар лёгка зьбіраў бацькоўскія галасы, звыкла сядзеў у ганаровых прэзыдыюмах... Жывы прыклад дэпутацкай палітклясыкі: мы тут, на сцэне, а разьбітыя дарогі недзе там, на вуліцы, і перасячыся гэтаму няма як... Няўжо сапраўды так? Гаворыць журналістка недзяржаўнай газэты “Віцебская трыбуна” Вера Емяльянава:

(Емяльянава: ) “Хачык быў дэпутатам, здаецца, усё жыцьцё. І па сваім сьветапоглядзе ён застаўся тым самым, якім быў пры савецкіх часох. Хачык Хачыкавіч… Але ж цяперашнім уладам такія людзі таксама патрэбныя, калі яны хочуць увайсьці ў адну раку двойчы, аднавіць нешта! Праўда, увайсьці ў адну й тую самую рэчку немагчыма — Хачык Хачыкавіч сёньня ўжо нічога новага ня скажа, бо ягоныя думкі, меркавньні засталіся ў тым самым рэчышчы, у якім ён выхоўваўся за савецкім часам”.

Доўга працуе ў аршанскім дэпутацкім корпусе і Віталь Сівакоў — праўда, ён пакінуў сваю пасаду напачатку 90-х, з дэмакратызацыяй. Але пры Лукашэнку зноў усплыў, а пасьля апошніх выбраў заняў ужо добра знаёмае сабе месца старшыні гарсавету. Гэткая біяграфія вымушае думаць, што тут — найтыповы чыноўнік, чыю выканаўчую вывучку, бюракратычную псыхалёгію час толькі загартаваў. Слова кіраўніку грамадзкага моладзевага цэнтру “Крывіч” Алесю Шутаву:

(Шутаў: ) “Ён уваходзіць у шэраг тых кіраўнікоў, якія пачалі сваю кар’еру, сваю працу ў далукашэнкавыя часы. Прычым яшчэ задоўга да Лукашэнкі Сівакоў ужо абіраўся на пасаду старшыні аршанскага гарсавету. Але як ні дзіўна… “Дзіўна”, можа, і ненайлепшае слова… Мне даводзіцца чуць шмат станоўчага пра працу гэтага чалавека, пра тое, што ён дастаткова кампэтэнтны на сваёй пасадзе, дапамагае дэпутатам, калі яны ў чымсьці праяўляюць уласную ініцыятыву. Я думаю, ён адзін з тых людзей, якія выконваюць сваю працу. На жаль,у нас роля Саветаў зьведзеная да мінімуму, і таму пасада старшыні гарсавету важыць куды меней за старшыню гарвыканкаму, і ад ягоных пэрсанальных якасьцяў значна меней залежыць у горадзе.

Гэта — погляд маладога чалавека. А вось што думае Ала Танчэўская, якая куды больш пабачыла за жыцьцё:

(Танчэўская: ) “Раней я часьцей бывала на розных там пленумах, канфэрэнцыях, у гаркамах… І раней усё казалі “мы не дапусьцім, мы не пацерпім…” І, чэсна сказаць, на мой погляд нічога там не зьмянілася. А вось што да Віталя Сівакова, то ён хутчэй выключэньне з агульнага правіла: ён і імкнуўся б нешта зрабіць, ён бачыць, што трэба рабіць, але што ён можа? Хто ў нас ведае тых дэпутатаў! А саветы ўвогуле нічога ня значаць у нашай краіне… Яны могуць прыняць рашэньне, але ж усе плявалі на гэтае рашэньне! І калі там нешта прымаецца, то гэта так, адна “бачнасьць”.

Варта разьвіць думку пра нечакана-сучаснае, вострае, што абмяркоўваецца ў камісіях Саветаў і нават зацьвярджаецца на сэсіях. Таго вымагае часам самое жыцьцё, бо нейкія праблемы становяцца зусім крызыснымі, вось і прымаюцца на першы погляд “рэвалюцыйныя” рашэньні. Але часьцей за незвычайнымі крокамі савецкіх кіраўнікоў стаяць больш празаічныя прычыны. Пра сваіх калегаў распавядае Кірыл Шарапкін:

(Шарапкін: ) “Даволі часта яны падтрымліваюць нейкія праекты рашэньняў, зьвязаных з падтрымкай прадпрымальніцтва, разьвіцьцём гарадзкой інфраструктуры… Але бачна, што некаторыя дэпутаты дзейнічаюць у сваіх карысьлівых інтарэсах, зьвязаных зь іхнай недэпутацкай працай. Атрымліваецца ня так, як патрэбна…”

(Карэспандэнт: ) “Калі ж супадаюць інтарэсы ўласныя з інтарэсамі акругі, то…”

(Шарапкін: ) “…Вось тады ўжо атрымліваецца вельмі добра!”

А здараецца й так, што інтарэсы кіраўнікоў Саветаў завязваюцца выключна ўласную карысьць. Тое, што ігнаруюцца праблемы выбарцаў, у такіх выпадках мала каго цікавіць. Не даруецца іншае — няўвага да паплечнікаў. У выніку, напрыклад, ня так даўно былы старшыня Берасьцейскага гарсавету Аляксандар Максіменка за неаднаразовыя махлярствы ў карысьлівых мэтах атрымаў пяць гадоў калёніі строгага рэжыму. Цікава, што калі яго пазбаўлялі пасады, ніхто не палічыў патрэбным патлумачыць выбарцам прычыны гучнага скандалу — гэта яшчэ адно сьведчаньне рэальнага стаўленьня ўлады да народу, які нібыта абірае яе... Зь іншага боку, людзі самі прынялі правілы такой палітычнай гульні і зараз маюць адпаведнае стаўленьне да сябе. Зусім адрозна выглядае сытуацыя ў суседзяў. Прынамсі, у Літве, дзе нядаўна пабыў Марат Афанасьеў. Вось ягоныя ўражаньні ад сустрэчаў з шарагоўцамі, палітыкамі, ад літоўскай прэсы:

(Афанасьеў: ) “Там зусім іншае жыцьцё! Іншыя погляды… Калі выпадкова ўзгадвалася прозьвішча прэзыдэнта Паскаса, дык я зьдзіўляўся: чаму? А потым сам жа знаходзіў адказ: людзі жывуць сваім жыцьцём, а не жыцьцём Паскаса! І Паскас робіць тое, пра што яму казалі выбарцы… Там прозьвішча Бразаўскаса ўзгадваеццае часьцей за прэзыдэнцкае. Бо ён ведае і вядзе рэгіянальныя праблемы. Якімсьці чынам іх вырашае”.

Нагадаю слухачам, што Паскас — новы прэзыдэнт, а Бразаўскас — прэм’ер-міністар Літвы. У параўнаньні з гэтай краінай,— лічыць спадар Афанасьеў,— прадстаўнічая ўлада Беларусі знаходзіцца ў глыбокім крызысу. Але выйсьце для Саветаў ёсьць:

(Афанасьеў: ) “Трэба аддаць ім самастойнасьць. І першы яе кавалачак — грошы. Грошы з падаткаў, якія ў іх забіраюць, і яны мусяць кланяцца… Вось і ўсё… Вось тады і пачне ўсё мяняцца. Усё будзе мяняцца, бо зьявіцца самастойнасьць, зьявіцца адказнасьць. І потым яны самі скажуць: калі вы даверылі нам гэты кавалак улады, дык дайце магчымасьць самастойна вырашаць праблемы! Заявяць гэта — і адразу памяняецца ўся “вэртыкаль”! Яна зьменіцца…”

Прыкладна гэтак адбывалася трансфармацыя мясцовага самакіраваньня ў Літве. І хоць у Беларусі іншыя палітычныя рэаліі, яна таксама трапіць некалі ў сфэру цывілізаваных інтэгральных схемаў народаўладзьдзя. І гэта разумеюць нават тыя прадстаўнікі “блізкае ўлады”, якія пакуль асьцерагаюцца выразна акрэсьліваць сваю пазыцыю. Бо адчуваюць небясьпеку. Але сытуацыя мяняецца — сьведчаньнем таму стварэньне Асамблеі дэмакратычных дэпутатаў краіны, парлямэнцкай групы “Рэспубліка”. Пачатак пакладзены. А значыць, будзе й працяг...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG