Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА НЕ ВЫКЛЮЧАЕ МАГЧЫМАСЬЦІ ЎВЯДЗЕНЬНЯ МЫТНЫХ ПАСТОЎ НА БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАЙ МЯЖЫ


Юры Дракахруст, Прага

У Воршы Аляксандар Лукашэнка працягваў выказваць свой скепсыс наконт пэрспэктываў пераходу Беларусі на расейскі рубель. З увядзеньнем адзінай валюты саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі ня варта сьпяшацца – сказаў ён. Паводле яго, зараз на гэты конт ідуць складаныя перамовы, трэба ўлічыць розныя асьпэкты, якія закранаюць інтарэсы як беларусаў, гэтак і расейцаў. Таму рашэньне мусіць быць узважаным і непасьпешлівым, – падкрэсьліў Лукашэнка. Ён таксама дадаў, што гэтае пытаньне неадназначна ўспрымаецца ў грамадзтве.

Варта прыгадаць, што такую ж асьцярожнасьць кіраўнік дзяржавы выказаў учора ў размове з прэзыдэнтам расейскай рэспублікі Інгушэція Муратам Зязікавым. Учора Лукашэнка сказаў, што “перш чым Беларусь пяройдзе на расейскі рубель, неабходна выканаць абавязацельствы, прынятыя паводле дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы, ды разьвязаць усе асноўныя эканамічныя праблемы двухбаковага супрацоўніцтва”.

Сказаць, што ўмоваю пераходу на расейскі рубель зьяўляецца разьвязаньне ўсяго клубка беларуска-расейскіх эканамічных праблемаў – тое ж самае, што адкласьці пытаньне ў самую даўгую скрыню. Што Лукашэнка і пацьвердзіў сваёй сёньняшняй заяваю.

Цікава гучыць спасылка на тое, што пэрспэктыва пераходу на суседзкую валюту ўспрымаецца ў беларускім грамадзтве неадназначна. У беларускім грамадзтве шмат што ўспрымаецца неадназначна, напрыклад, ліквідацыя Коласаўскага Ліцэю ці закрыцьцё газэтаў, але там грамадзкая думка ўладу не цікавіць. Прычына такой дзіўнай спасылкі на грамадзкае меркаваньне, магчыма, у тым, што і сам кіраўнік Беларусі ня ўпэўнены, што пераход на расейскі рубель будзе карысным, у тым ліку і для ягонай асабістай улады ў Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Воршу таксама запатрабаваў узмацненьня кантролю за ўвозам у Беларусь тавараў з трэціх краінаў, якія трапляюць праз Расею. Ён сказаў, што да 1 студзеня наступнага году праблема неарганізаванага імпарту мусіць быць вырашаная, пры гэтым ён ня выключыў магчымасьці ўвядзеньня мытных пастоў на беларуска-расейскай мяжы. Такая заява зробленая ўпершыню з таго часу, як у 1995 годзе Лукашэнка разам з тагачасным прэм’ер-міністрам Расеі Віктарам Чарнамырдзіным урачыста разбурылі сымбалічны шлагбаум на мяжы. Расейцы ўжо празь некалькі гадоў пасьля гэтага ўвялі ў сябе розныя формы мытнага кантролю грузаў зь Беларусі, за што Менск іх неаднаразова папракаў. Цяпер у Воршы Лукашэнка фактычна абвесьціў пра магчымасьць аднаўленьня двухбаковай мытнай мяжы, хай толькі і па некаторых групах тавараў.

Такім чынам, беларуска-расейскія эканамічныя адносіны ад мытнага саюзу плаўна пераходзяць да больш гнуткай і менш адказнай зоны вольнага гандлю. Як бачым, і што да валюты, і што да мытнай мяжы справа ідзе не да ўніфікацыі, не да аб’яднаньня, а ў адваротным кірунку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG