Днём 27 жніўня я наведаў менскую сынагогу па вуліцы Даўмана. Перад уваходам у храм яшчэ ляжаў абгарэлы дыван, а на мэталічных дзьвярах былі бачныя чорныя сьляды ад агню. Менавіта ў гэтае месца невядомыя кінулі а палове першай ўначы бутэльку з запальнай сумесьсю. Вось што сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе адзін са старэйшых сябраў менскай юдэйскай суполкі, 90-гадовы Давід Глехаў:
(Глехаў: ) “Гэта непрыгожа й вельмі дрэнна — нельга гэтак рабіць. Невядома, што будзе далей. Можа быць яшчэ горш”.
Вартаўнік сынагогі заўважыў падпал даволі хутка і адразу ж выклікаў пажарных ды міліцыю. Агонь вартаўнік пагасіў уласнымі сіламі, а міліцыянты знайшлі на месцы злачынства разьбітую бутэльку з рэшткамі запальнай сумесі.
Недалёка ад сынагогі міліцыянты затрымалі некалькі асобаў, але іх датычнасьць да злачынства не пацьвердзілася. Тым ня менш крымінальная справа па факце падпалу сынагогі распачатая, і міліцыянты ўжо вызначылі кола новых падазроных.
Гаворыць прэзыдэнт Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Юры Дорн:
(Дорн: ) “Сёньня раніцай заведзеная крымінальная справа і ўжо ёсьць падазроныя. Хутчэй за ўсё гэта група падлеткаў. Ёсьць сьведка гэтага здарэньня і ў нас ёсьць спадзяваньне, што гэтае здарэньне будзе расьсьледавана да канца і выяўленыя ягоныя ўдзельнікі. Увогуле, ня надта прыемна пра гэта казаць, але гэта ўжо 5-е такое здарэньне за апошнія 2 гады. На жаль, вінаватыя ў гэтых справах пакараныя не былі”.
Невядомыя спрабуюць падпаліць сынагогу “Бэйс-Ісраэль” ужо другім разам. Таксама была спроба падпалу сынагогі менскай абшчыны хасідаў, апаганеныя габрэйскія пахаваньні на Паўночных могілках, ды мэмарыял “Яма”.
Калі на помніку “Яма” ў траўні сёлета зьявіліся нацыскія сымбалі, Аляксандар Лукашэнка абяцаў, што вінаватыя будуць знойдзеныя і пакараныя. Але злачынцаў не знайшлі дагэтуль.
Юры Дорн лічыць, што акцыя мінулай ночы была безумоўна хуліганскай, але з выразным антысэміцкім кірункам.
Кіраўніцтва Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня будзе прасіць Менскі гарвыканкам арганізаваць начную ахову сынагогі.