Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА НАВЕДАЎ АРШАНШЧЫНУ, КАБ РАЗДАЦЬ ПАРАДЫ ЖЫВЁЛАВОДАМ ДЫ ІЛЬНАВОДАМ


Браніслава Станкевіч, Ворша

Візыт Лукашэнкі ў Аршанскі раён распачаўся з наведаньня жывёлагадоўчага комплексу “Задняпроўскі”, дзе гадуюць парасяты. Гэты комплекс дагэтуль працуе паводле замежных тэхналёгіяў, распрацоўкі якіх былі закупленыя яшчэ за савецкім часам. І ён дагэтуль ёсьць прыбытковым: прынамсі, каля дзясятку фірмовых крамаў стала рэалізуюць аршанцам адносна танныя тутэйшыя мясныя вырабы.

Аляксандар Лукашэнка выказаў сваё задавальненьне працай комплексу, параіўшы, аднак, іншым мясаперапрацоўчым прадпрыемствам неадкладна падвысіць кошты на закупку мяса.

А вось шэраговыя аршанцы засталіся незадаволеныя — перадусім з тае нагоды, што Лукашэнка паехаў сёньня па адносна стабільных тутэйшых прадпрыемствах, а не па стратных, дзе яго даўно ды безвынікова чакаюць. Таму на аршанскіх вуліцах сёньня можна было нярэдка пачуць выказваньні пра тое, што Лукашэнку больш цікавяць сьвіньні, а ня людзі.

Ад простых людзей Аляксандра Лукашэнку надзейна ахоўвалі міліцыянты: ужо з самае раніцы яны стаялі праз кожныя 20 крокаў уздоўж праспэкта Тэкстыльшчыкаў, па якім каля 10-й гадзіны праехаў цэлы картэж службовых іншамарак.

Прыезжыя чыноўнікі абласнога ды раённага маштабу чакалі Лукашэнку ў Воршы яшчэ з учорашняга, бо дакладнага часу ягонага прыезду ня ведалі нават у гарвыканкаме. Сёньня яны ўсе разам скіраваліся на аршанскі іьнокамбінат, на нараду ў праблемах ільнаводзтва.

Да слова, Віцебшчына сёньня займае апошняе мейсца паводле тэмпаў уборкі ільну, і да прыезду Аляксандра Лукашэнкі ільнаводы здолелі тэрмінова сабраць хіба палову. Але віцебскі досьвед цікавы зь іншае прычыны: тутэйшыя ільнозаводы самі вырошчваюць лён дзеля ўласнай апрацоўкі, арэндуючы палі ў бліжэйшых калгасаў. Потым яны возяць ільновалакно на той самы Аршанскі ільнокамбінат, які здольны разьлічыцца за яго хіба праз два-тры месяцы, бо сам рэгулярна прастойвае ў чаканьні сыравіны. Сёньня, у часе наведаньня прадпрыемства Аляксандрам Лукашэнкам, тут спраўна працавала толькі ягоная “другая чарга” — фабрыка, дзе з замежнае сыравіны вырабляюцца якасныя тканіны, якія потым зноў ідуць “на экспарт”.

Аднак Аляксандар Лукашэнка сёньня заявіў, што традыцыйнае на Беларусі ільнаводзтва — гэта галіна ня столькі эканамічная, колькі палітычная. І таму ейнаму разьвіцьцю мусіць цяпер спрыяць дзяржаўная ідэалёгія, а не дзяржаўныя датацыі, якія ў самым хуткім часе будуць адмененыя.
XS
SM
MD
LG