Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЯСКОВЫХ СЕМ’ЯХ НЯМА ГРОШАЙ, КАБ ПАДРЫХТАВАЦЬ ДЗЯЦЕЙ ДА НОВАГА НАВУЧАЛЬНАГА ГОДУ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

У вёсцы Дудаковічы, што на Кругляншчыне, бацькі школьнікаў зараз ліхаманкава шукаюць, дзе можна пазычыць грошы. Трэба набыць пісьмовыя прылады, абутак, вопратку, а дзяржаўную дапамогу для дзяцей з малазабясьпечаных сем’яў у сельскай гаспадарцы “Друць” ня плацяць пяты месяц.

У сям’і Веры Аўчыньнікавай — чацьвёра школьнікаў. Жанчына і яе муж працуюць у калгасе і апошнім разам атрымалі заробак за чэрвень — 50 тысячаў рублёў. Некаторыя школьныя прылады ўдалося набыць за бабуліну пэнсію, а вось на абутак і вопратку грошай няма.

(Вера: ) “Гэта ня толькі ў мяне такая праблема, у многіх бацькоў нават сшыткаў няма. У мяне на 1 верасьня няма дзецям нават куртак апрануць. На пазыку ўзялі пантоплі, а чобатаў няма ні ў каго”.

Штомесячная дапамога на дзяцей Веры — 86 тысячаў рублёў. Для вясковай сям’і гэта вялікія грошы. Калі раней “дзіцячыя” плацілі спраўна, на тэрміновыя патрэбы можна было пазычыць у больш заможных пэнсіянэраў.

(Вера: ) “Цяпер дзіцячую дапамогу не даюць, нам ніхто і не пазычае. Пэнсіянэры не пазычаюць. Аддаваць няма чым. Гавораць: калі вам аддадуць — невядома”.

Жанчыны адклалі ў краме школьныя прылады для дзяцей, але выкупіць іх ня могуць. Яны спадзяюцца на мясцовых камэрсантаў, якія чакаюць грошай за тавары некалькі месяцаў. Аднак і гэта не вырашыць усе праблемы.

(Спадарыня: ) “Будуць пісаць на бяросьце. Абдзярэм бярозу і будуць пісаць. Ну а што рабіць?”

(Спадарыня: ) “У мяне вось дзяўчынка ідзе ў восьмую клясу, а ў яе парваны партфэль. Будзем мыць, шыць і пойдзе дзяўчынку ў восьмую клясу”.

(Спадарыня: ) “Будзем плесьці лапці і будзем апранаць. Пойдзе ў лапцях або да старшыні прывядзем і пакажам”.

У праўленьні калгасу «Друць» кажуць, што ў гаспадарцы няма грошай, а збожжа, якое ўбралі, ідзе ў залік калгасных пазыкаў. Адна зь вясковых жанчынаў паскардзілася старшыні Круглянскага райвыканкаму.

(Спадарыня: ) “Ён сказаў, што “ў вас у калгасе адныя алькаголікі”. Ну, нашы дзеці не павінны ж пакутваць з-за алькаголікаў!.. Дзіцячая дапамога — гэта ж дзяржаўная!”

Паводле некаторай інфармацыі, у Магілёўскай вобласьці ў апошнюю дэкаду жніўня ня выплачана больш за 400 мільёнаў дзіцячых дапамогаў. Прыстойная сума і пераважна гэта датычыцца вясковых малазабясьпечаных сем’яў, у якіх няма грошай выправіць сваіх дзяцей у школу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG