Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІК ААН НІЛ БУНЭ ЗЬЯЖДЖАЕ ЗЬ БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

Грамадзянін Канады Ніл Бунэ ачольваў прадстаўнітцва ААН у Беларусі з 1999 году. Цяпер ён завяршае сваю місію ды на гэтым тыдні зьяжджае зь Менску, каб працаваць прадстаўніком ААН у Баўгарыі. За апошнія гады Праграма разьвіцьця ААН прыцягнула ў Беларусь значныя сумы грошай — калі ў 1999 годзе яе фінансаваньне складала 1 мільён даляраў, дык летась — 2 мільёны, а сёлета чакаецца 3 мільёны даляраў.

На разьвітальную прэсавую канфэрэнцыю спадар Бунэ прынёс некалькі дзясяткаў асобнікаў сьвежай брашуры пра дзейнасьць Праграмы разьвіцьця ААН у Беларусі. Гэтая брашура выдадзеная на беларускай мове, і гэта невыпадкова — паводле Ніла Бунэ, менскае прадстаўніцтва ААН сьвядома пашырае беларускамоўную інфармацыю.

Хаця Беларусь займае 53-е месца ў сьвеце сярод 175 краінаў паводле індэксу чалавечага разьвіцьця, палітычныя правы беларускіх грамадзянаў ацэненыя ў 6 балаў (пры тым, што 7 балаў — гэтая поўная несвабода). Друк у Беларусі несвабодны на 80%. А на аанаўскай шкале ад –2,5 да +2,5, дзе мінус — гэта дрэнна, а плюс — добра, палітычная стабільнасьць у Беларусі ацэньваецца як нулявая, а панаваньне права — прыблізна –1.

За час сваёй дзейнасьці ў Менску Ніл Бунэ выступаў, напрыклад, з пратэстамі супраць зьнішчэньня дрэваў у Белавескай пушчы й закрыцьця гарадзенскай грамадзкай арганізацыі “Ратуша”, хаця гучных палітычных заяваў не рабіў.

На маё пытаньне, чаму беларускія ўлады не выказваюць нэгатыўнага стаўленьня да дзейнасьці прадстаўніцта ААН — адрозна ад былой групы АБСЭ ў Менску ці нядаўна ліквідаванага офісу IREX, спадар Бунэ адказаў:

(Бунэ: ) “Вельмі ясная, амаль заканадаўчая структура таго, як працаваць з асобнымі краінамі, робіць, мажліва, лягчэйшай працу для нас, чым для некаторых іншых арганізацыяў, таму што зразумела, якія ёсьць узаемныя чаканьні ды прынцыпы. Я думаю, той факт, што мы маем цэлы шэраг праграмаў, якія ўлучаюць некалькі міністэрстваў і адначасова няўрадавых арганізацыяў, даў нам пэўную прастору рабіць цікавыя новыя рэчы”.

Сярод такіх цікавых рэчаў спадар Бунэ назваў разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці — напрыклад, Праграма Разьвіцьця ААН падтрымала стварэньне інтэрнэт-парталу беларускіх няўрадавых арганізацыяў ngo.by. Да таго ж яна заснавала так званую “Юрыдычную клініку”, якая прапануе бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для бедных слаёў насельніцтва Беларусі. За апошнія 5 гадоў гэтая праграма распаўсюдзіла ў Беларусі 400 тысячаў асобнікаў розных дакумэнтаў у галіне правоў чалавека. ААН шчыльна займаецца праблемамі Чарнобылю, СНІДу, гандлю жанчынамі й наркотыкамі.

Ці робіць ААН у Беларусі ўсё мажлівае ў галіне правоў чалавека? Вось як адказаў на гэта пытаньне Ніл Бунэ:

(Бунэ: ) “Відавочна, тут ёсьць пытаньні, таму што Камісія правоў чалавека ААН выказала сваю заклапочанасьць некалькі месяцаў таму. І калі сапраўды ў Беларусі мае быць устойлівае чалавечае разьвіцьцё, гэтымі пытаньнямі відавочна трэба займацца”.

Паводле спадара Бунэ, грамадзяне Беларусі накіроўваюць сотні скаргаў у Камісію правоў чалавека ААН, якая месьціцца ў Жэнэве. Як зазначаецца ў буклеце Праграмы Разьвіцьця ААН, яна дапамагае людзям зьвяртацца туды, накіроўваючы іхныя скаргі ў Швайцарыю.

Напрыканцы Ніл Бунэ распавёў, што ягонай пераемніцай стане італійская грамадзянка Флавія Бустрэа, якая да апошняга часу працавала дарадцай у пытаньнях аховы здароўя дзяцей у структурах Усясьветнага банку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG