У кінатэатры “Москва” кіначасопіс пад назовам “Минск — мой город” сустрэлі сьвістам і улюлюканьнем. Ня тое што, каб хтосьці быў супраць Менску як зьявы. Проста стужка наскрозь прасякнутая гэткім псэўдапатрыятызмам. Думка такая: квітнее краіна, а зь ёй, натуральна, і сталіца. Сярод дасягненьняў у відэашэрагу: Палац Рэспублікі, лядовыя палацы, футбольны манэж, будаўнічая пляцоўка бібліятэкі, падсьвечаныя фасады на праспэкце Скарыны… У прынцыпе, дасягненьні сапраўды рэальныя, але кожны жыхар Менску ведае гэта й без геніяльнага рэжысэра, які гэты шэдэўр зьняў. Тым больш, што кінаман, які прыйшоў адмыслова на разрэклямаваныя Галівудам “Матрыцу” ці “Тэрмінатара”, чакае прынцыпова іншага відовішча: пагоняў, перастрэлак, змаганьняў з машынамі, кампутарных эфэктаў і г.д. Так што рэакцыя, насамрэч, лёгка прадказальная.
Дарэчы, на сайце менскага гарвыканкаму досьвед вяртаньня кіначасопісаў называюць вельмі карысным, бо такім чынам беларусам мусяць перадацца патрыятычныя пачуцьці за месца, у якім яны жывуць.
Я, дарэчы, нядаўна быў у Чыкага і якраз на Дзень незалежнасьці ЗША паглядзеў трэцюю частку “Тэрмінатара” ў тамтэйшым кінатэатры. Ужо як патрыятычныя амэрыканцы, але калі плацяць 10 даляраў за сэанс, то ведаюць, што нагружаць іх дадатковым матэрыялам кшталту “Чыкага — мой горад” ніхто ня будзе. Пасьля вельмі непрацяглага анонсу фільм паказваюць без дадатковай ідэалягічнай накачкі.
І яшчэ, у аб’яднаньні “Кінавідэапракат” паведамілі, што цяпер каманда сталічных кінадакумэнталістаў працуе над цэлай калекцыяй 15-20 хвілінных стужак, якія адмыслова прызначаныя для паказу напярэдадні асноўнага фільма. Адразу напрошваецца пытаньне: ці будуць сярод кароткамэтражных прэм’ераў аналягі сатырычных часопісаў, як раней казалі “на злобу дня” — адразу прыгадваецца “Фитиль”.
Магчыма ўсё, але сваіх таямніцаў кінамайстры пакуль не разгалошваюць. Але факт застаецца фактам: прынамсі, гэта ледзьве не адзіны для іх шанец зьявіцца на вялікім экране. Таму, паводле лёгікі, жанравая разнастайнасьць прысутнічаць павінная.