Напярэдадні золата ў скарбонку беларускай зборнай паклалі Андрэй Міхневіч у штурханьні ядра, Ірына Ятчанка ў кіданьні дыска ды Іван Ціхан у кіданьні молата. Бронзавыя ўзнагароды на рахунку Валянціны Цыбульскай у хадзе на 20 км, Натальлі Сазановіч — у сямібор’і і Васіля Капцюха — у кіданьні дыска.
Магутны старт беларусаў уразіў спартовых адмыслоўцаў ва ўсім сьвеце. Актыўна абмяркоўваюць гэтыя падзеі і ў Беларусі. Пытаньне, якое зараз хвалюе ўсіх аднолькава — ці ня будзе ўрэшце ў беларускай каманды праблемаў з допінг-кантролем?
Аглядальнік спартовай газэты “Прессбол” Барыс Тасман кажа, што ўсё залежыць ад таго, якімі менавіта мэтодыкамі карысталіся беларускія атлеты.
(Тасман: ) “Фармакалягічная падрыхтоўка — гэта заўсёды таямніца трэнэра, спартоўца і лекара. Прычым, незалежна ад краіны: гэта аднолькава хаваюць у Амэрыцы, Аўстраліі, Беларусі — ніхто ня скажа, якімі сродкамі карыстаецца. Стымулятарамі карыстаюцца ўсе, іншая справа — якія мэтодыкі? А што да мэдалёў, заваяваных у Парыжы, то гэта пры любым раскладзе вынік высокага прафэсіяналізму беларускіх трэнэраў. У першую чаргу — Уладзімера Сіўцова, які стаў тут самым гучным адкрыцьцём: выхаваць двух чэмпіёнаў і бронзавага прызэра — ня ведаю, ці ёсьць яшчэ на чэмпіянаце людзі, якія могуць пахваліцца такімі дасягненьнямі”.
Аднак сэнсацыяй чэмпіянату могуць стацца нават ня трэнэры ды іхныя таленавітыя выхаванцы. Алімпійская чэмпіёнка ў кіданьні дыска Эліна Зьверава, якая ў Парыж не паехала з прычыны апэрацыі на шчытападобнай залозе, можа гэтаксама атрымаць залаты мэдаль спаборніцтваў. Дысцыплінарны камітэт Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі праз два гады пасьля чэмпіянату сьвету ў Эдмантане вынес вэрдыкт расейскай спартоўцы, у крыві якой знайшлі забаронены прэпарат. У выніку Зьверава, якая ішла другой, неспадзявана атрымала чэмпіёнскае званьне.
(Зьверава: ) “Званьне сапраўды перайшло да мяне, але што тычна працэдуры, то нават не ўяўляю, як гэта будзе. Падобнага прэцэдэнту, каб пераходзіла званьне праз два гады, не было; гэта ўпершыню ў гісторыі спорту. Празь меншыя тэрміны — так, звычайна ўсё высьвятляецца ў часе спаборніцтваў, калі ва ўсіх прызэраў бяруць аналізы, спраўджваюць на допінг. Так што, атрымліваецца — я чэмпіёнка без чэмпіянату. Не паехала, бо не пасьпела аднавіць сілы, вельмі мала было часу на рэабілітацыю. Што тычыцца Алімпіяды, то гэтаксама пакуль нічога не магу сказаць. Але, прынамсі, я трэніруюся”.
Што тычна рэальных заслугаў сваіх калегаў у Парыжы, то Эліна Зьверава упэўненая: адмыслова “падстаўляць” на допінгу беларусаў ніхто ня будзе. Але захапляцца стымулятарамі гэтаксама ня варта. А вось беларускі амбасадар у Маскве Ўладзімер Грыгор’еў у інтэрвію расейскім журналістам патлумачыў вытокі перамогаў тым, што, маўляў, спорт у Беларусі на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі, а таму ўзяць праз год у Афінах 25 мэдалёў — задача цалкам рэальная.
Спартовы журналіст Барыс Тасман лічыць такую самаўпэўненасьць неапраўданай.
(Тасман: ) “Безумоўна, увага да спорту спрыяе высокім вынікам. Але што непасрэдна да мэдалёў, то казаць пра наўпроставыя заслугі кіраўнікоў я заўсёды асьцерагаюся. Калі прафэсійна не спрацуе трэнэр, то не дапаможа ніякі начальнік. Ніхто ня можа гарантаваць, што праз год у Грэцыі гэта паўторыцца. Спартоўцы — людзі вельмі асьцярожныя. І таму казаць і думаць замест іх, прынамсі, нясьціпла і рызыкоўна”.
Бальшыня адмыслоўцаў лічыць, што колькасьць заваяваных беларусамі ў Парыжы мэдалёў можа быць канчатковай, калі ў актыў каманды не пакладзе ўзнагароду ў штурханьні ядра Надзея Астапчук.