Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПРЫБІРАЛЬНІ. РАЗРУХА НЕ Ў КЛАЗЭТАХ, А Ў ГАЛОВАХ


Ганна Соусь, Менск

Прыбіральня там абкладзеная дарагой кахляй, а вось унітазаў там папросту няма — у кабінках усталяваныя напольныя гэтак званыя “чашы Генуі”, на якіх наведвальнікам даводзіцца паўстаяць “у позе арла”. Гэта — туалеты сёньняшняй Беларусі. А вось насупраць Палацу Рэспублікі побач з Купалаўскім тэатрам знаходзіцца гістарычны туалет у выглядзе палаца. Пра першую публічную прыбіральню ў Менску распавядзе гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі: ) “Будынак ці ня самай славутай беларускай прыбіральні, помнік архітэктуры пачатку XX стагодзьдзя, быў узьведзены адначасова з будынкам тэатру. Ягонае ўзьвядзеньне стала лягічным працягам добраўпарадкаваньня гарадзкога сквэру пасьля правядзеньня вадаправоду ў 1874 годзе. Сам гэты будынак, як і будынак тэатру, быў пастаўлены паводле праекту архітэктара Казлоўскага, а форма гэтага будынку была абраная ім знарок у стылі нэа-барока — як пародыя на палацак аднаго са сваіх заказчыкаў з Ігуменскага павету, які не даплаціў архітэктару за ягоную працу. І жадаючы пасьмяяцца са свайго чванлівага заказчыка, архітэктар фактычна скапіяваў ягоны палацак. Пабудова прыбіральні ў гэтым менскім сквэры — гэта была калясальная справа. Гэта была першая грамадзкая прыбіральня на тэрыторыі Беларусі. У Вільні не было грамадзкіх прыбіральняў. А стала яна там магчымай дзякуючы таму, што ў Менску, у першым горадзе Беларусі зьявіўся цэнтралізаваны вадаправод. І гэта быў пэўны цывілізацыйны скачок”.

Гэта быў расповед гісторыка архітэктуры Сяргея Харэўскага.

Дарэчы з прыбіральняй ля Купалаўскага тэатру зьвязаная і больш сучасная гісторыя. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году, у выніку якога была зьмененая нацыянальная сымболіка, ля прыбіральні-палаца адбылася акцыя актывістаў моладзевых арганізацыяў. Як раней “Ціцянкоў і кампанія” зрывалі бел-чырвона-белы сьцяг з даху адміністрацыі прэзыдэнта, так маладыя апазыцыянэры вывесілі на даху прыбіральні-палацу чырвона-зялёны сьцяг, затым сарвалі яго, падралі й спалілі.

Напэўна няма таго беларуса, які б не затыкаў нос, заходзячы ў брудныя грамадзкія прыбіральні. Філёзаф Валянцін Акудовіч лічыць, што пытаньне пра брудныя грамадзкія прыбіральні значна больш складанае, чым гэта падаецца на першы погляд.

(Акудовіч: ) “Сацыяльны аспэкт тут безумоўна істотны, але ён далёка не адзіны, бо ня менш істотны тут момант агульнай культуры народа, яго традыцыяў. Беларусы — нацыя вясковай культуры, якая ў сваёй традыцыі ўвогуле ня мела прыбіральняў, як асобнага ўладкаванага месца. Хадзілі да ветру, хадзілі ў хлеў да скаціны, але калі мода на прыбіральні пачала распаўсюджвацца і на вёску, то гэтая забудова звычайна ладзілася з ламачча, з гнілых дошак, часта без дзьвярэй была. І гэтак было ня толькі ў галоты, але і ў заможных гаспадараў. І цяпер традыцыя няўвагі да прыбіральні, як да нявартай апошняй справы прынамсі на вёсцы застаецца даміноўнай. Але ня трэба думаць, што беларусы тут выключэньне. Чалавецтва тысячагодзьдзямі жыло без прыбіральняў, яно стварала вялікія храмы, палацы, тэатры, але абыходзіла ўвагай гэтую штодзённую праблему. Па вялікім рахунку, чыстыя прыбіральні ў цывілізаваных гарадах — гэта сьведчаньне ўпадку духа на карысьць пад’ёма цела”.

Да гэтага спрэчнага пастуляту філёзафа Валянціна Акудовіча дадам уласны ўспамін. У 1988 годзе студэнткай першага курсу журфака я паехала на бульбу ў Краснапольскі раён (дарэчы, ягоным кіраўніком быў вышэй згаданы Іван Ціцянкоў). І пасялілі мяне ў старой бабулі, у двары якой проста ніколі не было прыбіральні, што тады было для мяне сапраўдным культурным шокам.

Але вернемся да згаданых раней напольных унітазаў. Дагэтуль “чаша Генуі” застаецца вельмі папулярнай у тых, хто будуе грамадзкія прыбіральні. Бізнэсовец Леанід Самейка, чыя фірма займаецца рэалізацыяй сантэхнікі, гаворыць пра вялікі попыт на рынку на напольныя ўнітазы.

(Самейка: ) “Зараз ва ўсіх навучальных установах паціху мяняюць сантэхніку. Дык усе замяняюць старыя чыгунныя напольныя ўнітазы на керамічыныя. Я часам зьдзіўляюся, чаму не пакупаюць звычайныя ўнітазы, на якіх можна сядзець, яны нават таньней каштуюць за тыя. Нядаўна прыйшлі да нас з Акадэміі Навук, хочуць закупіць шмат напольных унітазаў. Мне незразумела, няўжо акадэмікам, якія збольшага людзі сталага веку, зручна стаяць над гэтымі ўнітазамі?”

Да гэтай загадкі дадам яшчэ адную. Вядома, што ў барах ці рэстарацыях звычайна ёсьць прыбіральні. А вось бар у туалеце — гэта сапраўды дзіва. Тым ня менш ён ёсьць у будынку новага Менскага чыгуначнага вакзалу. Заходзіш праз дзьверы з таблічкай зь літарай “М” і трапляеш у пакой, у якім з аднаго боку прыбіральня, з другога бар. Як кажуць, можна рабіць сваю справу, не адыходзячы ад стойкі. Зразумела, што наведвальнікі гэтага бару — у асноўным мужчыны.

Працягваючы вандроўку па менскіх прыбіральнях, зойдзем у McDonald’s на праспэкце Скарыны, у якой знаходзіцца адная зь першых прыстойных бясплатных прыбіральняў у Менску. Некалькі гадоў таму калектыў газэты “Навінкі” наладзіў адмысловую кампанію, прысьвечаную туалетам гэтай рэстарацыі.

Узгадвае галоўны рэдактар “Навінак” Павал Канавальчык…

(Канавальчык: ) “Яна называлася тады “WcDonald’s”, бо калі перавярнуць славуты сымбаль МакДональдза “Mc”, то атрымаецца знак туалету “WC”. Акцыя пачалася літаральна з таго самага часу, як быў адчынены першы МакДональдз у цэнтры гораду, і адпаведна цэнтар гораду зьяўляўся і зьяўляецца дасюль галоўным месцам спатканьня моладзі, якая сустракаецца каб пакамунікаваць і, адпаведна, папіць піва. Натуральна, што пасьля піва хочацца вырашыць і шэраг фізыялягічных патрэбаў, тады мы заўважылі, так і атрымалася, што туалеты МакДональдза былі тады сапраўды самымі прыстойнымі ў Менску. А чаму МакДональдз? Зараз праўда нельга казаць, што туалеты МакДональдза зьяўляюцца паказьнікам або ўзорам сапраўды прыстойных туалетаў. Шкада, што не нашыя туалеты наблізіліся паводле ўзроўню да макдональдаўскіх, а сам МакДональдз так ці йнакш збавіў свае абароты прыстойнасьці ў справе месцаў агульнага карыстаньня”.

Гэтак лічыць галоўны рэдактар газэты “Навінкі” Павал Канавальчык.

Я паспрабавала высьвятліць у Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі — а колькі ў Беларусі ўвогуле грамадзкіх прыбіральняў на душу насельніцтва, але дакладнага адказу на гэтае пытаньне не атрымала. Я запыталася ў начальніка ўправы камунальнай гаспадаркі міністэрства Аляксандра Літвіна, ці існуе нейкая структура, якая адказвае за санітарны стан беларускіх прыбіральняў.

(Літвін: ) “Паўсюль па-рознаму. На чыгунцы — чыгуначнікі, у грамадзкай краме — крама, у парку — “Зялёнбуд”. Усе арганізацыі могуць адказваць за гэтыя туалеты”.

Зыходзячы з гэтага, напэўна адміністрацыя ашмянскага аўтавакзалу нясе адказнасьць за бруд і смурод у платнай прыбіральні ў Ашмянах, якой вымушаныя карыстацца пасажыры аўтобусаў, якія едуць да Вільні.

Увогуле, правінцыйныя прыбіральні — тая тэма, якая вымагае адмысловага рэпартажу. Прывяду толькі адзіны прыклад зь Івянцу. Тамтэйшыя жыхары вельмі ганарацца чысьцінёй свайго гораду, аднак, нягледзячы на гэтае, прыбіральня на аўтавакзале ўражвае антысанітарыяй. Аметныя надпісы на сьценах туалету — гэта расейская лаянка зь беларускай граматыкай. І як тут не прывесьці словы прафэсара Прэабражэнскага з “Сабачага сэрца” Міхаіла Булгакава, які казаў, што “разруха не ў клазетах, а ў галовах”.
XS
SM
MD
LG