Сустрэўшыся з Аляксандрам Лукашэнкам, расейскі міністар унутраных справаў, ён жа лідэр партыі ўлады Барыс Грызлоў заявіў, што праект Канстытуцыйнага акту саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі гатовы для абмеркаваньня на ўзроўні прэзыдэнтаў.
(Грызлоў: ) “Я — сябра камісіі ў справе падрыхтоўкі Канстытуцыйнага акту, таму мы закранулі, безумоўна, і гэтае пытаньне. І разумеем, што дакумэнты ўжо можна пакласьці на стол Найвышэйшай дзяржаўнай рады для таго, каб прэзыдэнты нашых краін абмеркавалі, далі свае заўвагі, і камісія магла дапрацаваць гэтыя дакумэнты адпаведна з пададзенымі заўвагамі”.
Нагадаю, што паседжаньне Найвышэйшай дзяржаўнай рады плянавалася яшчэ на красавік, але ўжо колькі месяцаў адкладваецца. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін 11 жніўня — у дзень сустрэчы кіраўнікоў цэнтральных банкаў дзьвюх краін — заявіў, што менавіта паводле вынікаў перамоваў банкіраў можна будзе прызначаць дату сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Аднак дата гэтай сустрэчы дагэтуль невядомая.
Хаця Масква заўляе, што ўсе пытаньні вакол пераходу Беларусі на расейскія рублі вырашаныя, Аляксандар Лукашэнка так ня лічыць. Ніводнай цытаты зь ягонай сустрэчы з Барысам Грызловым наконт саюзнага будаўніцтва прэсавая служба не распаўсюдзіла. Але ў той жа дзень спадар Лукашэнка сустрэўся з прэзыдэнтам Інгушэціі Муратам Зязікавым, якому сказаў, што да праблемаў, якія паўстаюць у справе збліжэньня дзьвюх краін, Беларусь абсалютна ня мае дачыненьня. Сказаўшы чарговы раз, што “нашыя народы ніхто не разьвядзе”, Аляксандар Лукашэнка зрабіў наступную заяву наконт адзінай валюты Беларусі й Расеі: “Перш чым пайсьці на гэты крок, неабходна выканаць забавязаньні, прынятыя паводле дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы ды разьвязаць усе асноўныя эканамічныя праблемы нашага двухбаковага супрацоўніцтва”.
Але міністар унутраных справаў Расеі Барыс Грызлоў пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам сказаў, што шляхам саюзнай дзяржавы Беларусь і Расея рухаюцца крок за крокам. Пра сваю сфэру адказнасьці расейскі міністар выказаўся гэтак:
(Грызлоў: ) “І ў Расеі, і ў Беларусі агульныя праблемы. Я думаю, што злачынны сьвет, які можа кантактаваць бязь межаў, мае нейкую фору, але менавіта ў саюзнай дзяржаве Расеі й Беларусі гэтую фору мы, напэўна, ўжо адыгралі, таму што ня маем межаў у нашым узаемадзеяньні, і тая аб’яднаная калегія, якая цяпер праходзіць у Менску — МУС Расеі ды МУС Беларусі — якраз і паказвае, што мы вырашаем агульныя пытаньні практычна на ўзроўні аднаго ведамства”.
Напярэдадні Барыс Грызлоў заявіў у Менску, што яшчэ сёлета Расея й Беларусь плянуюць ўвядзеньне адзіных міграцыйных картаў для грамадзянаў іншых краін. Паводле расейскага міністра, з 14 лютага на тэрыторыі дзьвюх краін выдалі ўжо 350 тысячаў міграцыйных картаў Расеі.