Польшча, якая ў наступным годзе спадзяецца далучыцца да Эўразьвязу, мусіла была ўсталяваць візавы рэжым зь Беларусьсю. Палякі сыходзяць з таго, што неўзабаве віза ў Польшчу дасьць беларускім грамадзянам магчымасьць наведваць без дадатковых дакумэнтаў усялякую краіну Шэнгенскай зоны.
Аляксандар Герасіменка, які агучыў пазыцыю Беларусі, выказаў шкадаваньне з нагоды таго, што бязьвізавы рэжым скасоўваецца. Тым больш, што паводле вынікаў апошняга паўгодзьдзя, Польшча паднялася з шостага на трэцяе месца ў сьпісе самых буйных гандлёвых партнэраў Беларусі. Паводле беларускага боку, штогод больш за тры мільёны грамадзянаў Беларусі перасякалі беларуска-польскую мяжу.
Спадар Герасіменка патлумачыў, хто будзе мець права на перасячэньне мяжы зь бясплатнай візай:
(Герасіменка: ) “Мы вылучылі на бясплатныя паездкі такія катэгорыі грамадзянаў, як дзеці да 16 год, і грамадзяне, старэйшыя за 65 год. Таксама сябры дэлегацыяў, якія едуць у Беларусь ці Польшчу ў рамках культурных, спартовых, навукова-тэхнічных сувязяў, а таксама тыя грамадзяне, якія маюць месцы пахаваньня сваіх родных. Пад бясплатныя паездкі трапляюць і студэнты, якія вучацца ў Беларусі і Польшчы ў рамках узаемнага студэнцкага абмену. Вось такія катэгорыі”.
Бясплатным будзе транзыт па тэрыторыі Польшчы для тых грамадзянаў Беларусі, якія едуць у краіны Шэнгенскай зоны, а таксама ў Чэхію і Славаччыну. Дарэчы, штогод мяжу перасякаюць прыкладна 120 тысячаў аўтамабілістаў, прычым 80% зь іх рухаюцца праз Польшчу далей. Аднаразовая віза будзе каштаваць 10 эўра, шматразовая (на адзін год) — 50. Беларускі бок спадзяецца, што колькасьць паездак ня зьменшыцца. Цяпер беларускія візы можна атрымліваць у Варшаве, Беластоку, Бялай Падлясцы і Гданьску, а польскія — у Менску, Горадні й Берасьці.
Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Залуцкі гаворыць, што польскі бок добра падрыхтаваўся да новых варункаў працы:
(Залуцкі: ) “Перадусім мы павялічылі і ўдасканалілі кадравы пэрсанал нашых консульскіх пунктаў, павялічылі колькасьць супрацоўнікаў, дадалі тэхніку, кампутары — усё тое, што мусіць дапамагчы ў своечасовай выдачы візаў у новай сыстэме, якая будзе ўведзеная зь 1 кастрычніка. Практычна ўжо зь 1 верасьня будзе магчымасьць выдаваць новыя візы, мы хочам папярэдзіць вялізны наплыў ахвотных атрымаць новыя візы ў нашых консульскіх пунктах”.
Падчас размовы з журналістамі прадстаўніка польскага МЗС спыталі, як Варшава будзе рэагаваць на папярэджаньне, што вынесенае Саюзу палякаў у Беларусі Міністэрствам юстыцыі. Анджэй Залуцкі адзначыў, што гэтая справа выклікала занепакоенасьць у Польшчы:
(Залуцкі: ) “Сёньня мы размаўляі на гэтую тэму і зь міністрам замежных справаў (Мартынавым), і з маім калегам — віцэ-міністрам. У Польшчы гэтая інфармацыя выклікала пэўную занепакоенасьць. Мы зьвярнулі на гэта ўвагу і нас запэўнілі, што гэтая праблема будзе вырашаная ў рабочым парадку МЗС Беларусі ў непасрэдным кантакце зь міністэрствам юстыцыі з удзелам прадстаўнікоў Саюзу палякаў”.