Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА АПОШНІЯ ТРЫ МЕСЯЦЫ АД САМАГУБЧЫХ ВЫБУХАЎ У ЧАЧЭНІІ, НА ПОЎДНІ РАСЕІ І Ў МАСКВЕ ЗАГІНУЛІ КАЛЯ 200 ЧАЛАВЕК

Аляксей Знаткевіч, Прага

Наўрад ці ў сьвеце існуе больш складаная выбарчая кампанія, чым тая, што чакае кандыдатаў у горным рэгіёне, дзе большую частку апошніх дзевяці гадоў пануюць вайна, тэрарызм і беззаконьне, піша сёньня амэрыканскі штодзёньнік “Washington Post”. Прэзыдэнцкія выбары ў Чачэніі 5 кастрычніка могуць стацца ня менш складанымі і для прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, адзначае газэта.

Пуцін абяцаў нармалізацыю ў Чачэніі, пачаўшы з рэфэрэндуму ў сакавіку аб новай канстытуцыі Чачэніі, якая прызнае рэспубліку неад’емнай часткай Расеі. Паводле расейскіх уладаў, 96% чачэнцаў прагаласавалі “за” на рэфэрэндуме, дзе амаль не было замежных назіральнікаў. Потым Пуцін абвесьціў абмежаваную амністыю чачэнскім ваяўнікам, якія складуць зброю да 1 верасьня. Паводле расейскіх уладаў, гэтай прапановай пакуль скарысталіся каля 140 чачэнцаў.

Кастрычніцкія выбары прэзыдэнта Чачэніі мусілі б завершыць гэтак званую нармалізацыю, але напярэдадні прэыздэнцкай кампаніі гвалт у Чачэніі толькі узмацніўся. За апошнія тры месяцы толькі ад самагубчых выбухаў у самой Чачэніі, на поўдні Расеі і ў Маскве загінулі каля 200 чалавек.

У такіх умовах многія кажуць аб немагчымасьці правесьці выбарчую кампанію ў Чачэніі. Лідэр расейскай партыі Саюз правых сілаў Барыс Нямцоў назваў заплянаваныя выбары, а таксама сёлетні рэфэрэндум і амністыю маніпуляцыяй. Нямцоў таксама назваў вялікай памылкай Крамлю падтрымку цяперашняга кіраўніка чачэнскай адміністрацыі Ахмада Кадырава. Паводле апошніх апытаньняў расейскіх дасьледчых цэнтраў, больш за 60 адсоткаў чачэнцаў ня будуць галасаваць за Кадырава ні ў якіх абставінах. Расейскія ўлады, аднак, кажуць, што не падтрымліваюць ніводнага з кандыдатаў у чачэнскіх выбарах.

Напярэдадні выбараў расейскія ўлады таксама спрабуюць пераканаць чачэнскіх уцекачоў вярнуцца ў Чачэнію. Некалькі лягераў для ўцекачоў былі зачыненыя. Але праваабаронцы кажуць, што расейскія ўлады прымушаюць уцекачоў вяртацца. Вось што сказала ў гэтыя выходныя пасланьніца ААН, галівудзкая акторка Анжэліна Жалі, якая наведала адзін зь лягераў у суседняй з Чачэніяй Інгушэтыі:

(Жалі: ) “Калі лягер зачыняць і не дадуць людзям іншага жытла, я буду лічыць гэта гвалтоўнай рэпатрыяцыяй. Гэта ня ёсьць добраахвотная рэпатрыяцыя. Пра добраахвотную рэпатрыяцыю можна казаць толькі калі людзям прапануюць жытло і бясьпеку. Нельга забіраць у іх ежу і дах над галавой”.

Жалі кажа, што намесьнік міністра замежных справаў Расеі Юры Фядотаў паабяцаў ёй, што уцекачоў ня будуць прымушаць вяртацца ў Чачэнію. Раней расейскія ўлады заяўлялі, што да першага кастрычніка ўсе лягеры ўцекачоў у Інгушэтыі будуць зачыненыя, а ўцекачы вернуцца ў Грозны напярэдадні выбараў. Але, як прызнае прадстаўнік расейскага ўраду ў правах чалавека Алег Міронаў, самі па сабе выбары прэзыдэнта ня зьменяць сытуацыі ў Чачэніі, бо многія тысячы чачэнцаў ня маюць даху над галавой.
XS
SM
MD
LG