Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ ПАРТЫІ БНФ РАСПАВЯЛІ ПРА СУСТРЭЧУ З ПРАДСТАЎНІКАМІ РАСЕЙСКАЙ ПАЛІТЫЧНАЙ ЭЛІТЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Разглядаць беларуска-расейскія стасункі на тле эўрапейскіх працэсаў прапанавала Рада ў замежнай і абарончай палітыцы, якой кіруе вядомы палітоляг Сяргей Караганаў. Расейцы запрасілі для дыскусіі дэлегацыю зь Беларусі ў складзе прадстаўнікоў БНФ і АГП, што можа лічыцца спробаю расейскай палітычнай эліты пашырыць кантакты зь беларускай апазыцыяй.

Нагадаем, апошнія кантакты расейцаў непасрэдна зь лідэрамі БНФ прыпадалі ажно на пачатак 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Дыскусія абвастрылася, калі абмяркоўваліся палітычныя падзеі ў Беларусі й той уплыў, які на іх мае Расея, распавёў журналістам кіраўнік Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка. Ён згадаў прынцыповыя заявы сваіх аднадумцаў, якія былі даведзеныя да расейскіх дасьледнікаў і палітыкаў, што бралі ўдзел у дыскусіі. Гэтае стаўленьне да трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі, магчымага ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі й пазыцыя беларусаў што да інтэграцыі з Эўропай.

Лідэр БНФ лічыць, што бальшыня беларусаў не жадаюць, каб Аляксандар Лукашэнка трэці раз балятаваўся на прэзыдэнта. Каб гэтага не адбылося, гатовая паўстаць новая палітычная кааліцыя. Блізу 65% беларусаў выказаліся б за інтэграцыю з Эўропай, калі б такое пытаньне было пастаўленае на рэфэрэндуме цяпер,— лічыць Вінцук Вячорка і спасылаецца на розныя сацыялягічныя дасьледваньні. А што да зьяўленьня ў Беларусі расейскага рубля, то лідэр БНФ перакананы, што гэта супярэчыць інтарэсам беларускага народУ.

(Вячорка: ) “У такім становішчы непазьбежнае падвышэньне асноўных цэнаў, па-другое, заўсёды тыя, хто плянуе такія фінансавыя зрухі ва ўмовах адсутнасьці дэмакратыі, калі працуе адміністрацыйная воля, на тым узбагачаюцца. Нам здаецца, што прыйшоў час пра гэта сказаць людзям: тымі, хто хоча нам сюды ўвесьці расейскі рубель, рыхтуецца чарговая рабаўнічая грашовая рэформа. Гэткай ёсьць пазыцыя Беларускага Народнага Фронту што да ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі, якую лідэры БНФ давялі і расейскім дасьледнікам і палітыкам”.

Ад БНФ у дыскусіі ў Маскве бралі ўзел таксама Юры Хадыка, Валянцін Голубеў, Пятро Садоўскі, Вацлаў Арэшка і Галіна Сямдзянава. Аб’яднаную Грамадзянскую партыю прадстаўлялі Яраслаў Раманчук, Аляксандар Дабравольскі і Павал Данейка. Паводле зьвестак, пазыцыі БНФ і АГП што да захаваньня незалежнасьці краіны і недапушчэньня трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі супадалі.

З расейскага боку у круглым стале бралі ўдзел вядомыя палітолягі Яўген Кажокін, Вячаслаў Ніканаў, Фёдар Лук’янаў, некаторыя дэпутаты Дзяржаўнай Думы і супрацоўнікі апарату рэфэрэнтаў расейскага прэзыдэнта. Лідэры БНФ мяркуюць, што дыскусія засьведчыла зьмены ў падыходзе расейскай палітычнай эліты да вывучэньня палітычнага становішча ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG