Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІЦЭЙ САМ ЗАБЯСЬПЕЧЫЎ СЯБЕ ПАДРУЧНІКАМІ


Любоў Лунёва, Менск

Бацькі ліцэістаў рыхтуюць заявы ў суд на чыноўнікаў Гарадзкога камітэту адукацыі, якія без адпаведнага дазволу бацькоў разаслалі па розных школах асабовыя справы ліцэістаў. Нягледзячы на тое, што бацькоўскі сход прызначаны на вечар, каля трох дзясяткаў бацькоў з раніцы сустрэліся ля брамы Ліцэю, каб абмеркаваць свае дзеяньні. Дзеці побач зьбіралі подпісы ў абарону Ліцэю. Увесь час да брамы падыходзілі людзі, каб падпісацца пад заявай. Сярод іх і людзі сталага веку, якім цяжка было дабірацца.

(Мужчына: ) “Я за тое, каб быў у Беларусі гэты Ліцэй. Я ўсёй душой пратэстую супраць закрыцця. У мяне ня ўкладваецца ў галаве, што такое можна зрабіць…”

(Карэспандэнтка: ) “Хто Вы па прафэсіі?”

(Мужчына: ) “Я ваенны лекар. Пэнсіянэр”.

Ня толькі прадстаўнікі інтэлігенцыі прыходзяць на знак салідарнасьці з калектывам Ліцэю. Гаворыць рабочы Леанід Галуза:

(Галуза: ) “Я беларус. У мяне вялікі боль ад таго, што зьнішчаецца ўсё беларускае. Ад таго, што мы на сваёй зямлі не гаспадары. У нас улада акупантаў”.

Штодня да ліцэістаў падыходзяць людзі, якія адмыслова прыехалі з розных гарадоў Беларусі. Зь Берасьця прыехала нават сям’я — маці, дачка і сын”.

(Юлія: ) “Адразу, як падыходзіш, прыемна чуць беларускую мову. Такі маленькі хлопчык па-беларуску просіць падпісацца! Гэта шмат пра што гаворыць. І яшчэ… Гэта гуманітарны Ліцэй. Адразу такія асацыяцыі — філязофія, вальнадумства і г.д. Мы падпісаліся, бо хацелі, каб у нашай краіне было больш такіх людзей, а з закрыццём гэтага Ліцэя іх стане толькі менш. Людзі, якія атрымліваюць добрую адукацыю, карысныя для сваёй дзяржавы. Яны сапраўды, на маю думку, хацелі б зрабіць нешта для яе”.

Выкладчыкі й бацькі ліцэістаў на вуліцы вымушаныя праводзіць апошні перад пачаткам году бацькоўскі сход. Абмяркоўвалі арганізацыйныя пытаньні. Клясныя кіраўнікі паведамілі бацькам, калі й куды праходзіць па падручнікі, прадыктавалі расклад заняткаў і запрасілі ўсіх на ўрачыстую лінейку, якая мае адбыцца 1 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG