“Звезда” ў 1923 годзе з нагоды 1500-га нумару выйшла ажно на васьмі палосах. Рэдактар В.Нодэль піша:
“Наша газэта, газэта камуністычная, і твар яе — гэта твар рабочай клясы, твар яе партыі. Найлепшы ідэал для нашай газэты — гэта быць сапраўдным люстэркам жыцьця рабочай клясы, яе авангарду, ад якога не схаваецца ніводнае пытаньне ані грамадзянскага, ані групавога жыцьця. У дзень нашага сьвята мы ставім усёй нашай пятнаццацітысячнай арміі сьціслае, але вельмі цяжкае заданьне — ствараць газэту калектыўна. Няхай кожны чытач будзе адначасова і стваральнікам газэты, няхай ён ня толькі чытае, але й піша”.
“Знамя юности”, 1963 год, допіс “Дзіўнае ўказаньне” за подпісам “І.Макаловіч”:
“Я жыву ў Лунінецкім раёне. Часта бываю ў сельскіх бібліятэках. Зайдзеце ў Дубоўскую сельскую бібліятэку і спытайце газэту “Советская Белоруссия”. Вам адкажуць, што такой газэты тут няма. У Дубоўскую, Лобанскую і іншыя бібліятэкі не паступаюць і такія газэты як “Литературная газета”, “Советский спорт”, “Фізкультурнік Беларусі” ды іншыя. На пытаньне “Чаму вы не выпісваеце гэтых газэтаў?” усе загадчыкі бібліятэк адказваюць прыкладна так: “Маем указаньне з раёну”. Таварышы з раённага аддзелу культуры, прайдзеце па вясковых вуліцах. І вы абавязкова ўбачыце людзей з газэтай. Адзін чытае “Литературную газету”, іншы “Учительскую газету”. Вы, бадай, адразу ж падумаеце, што адзін зь іх — літаратар, а другі — настаўнік? Нічога падобнага. Абое — простыя калгасьнікі. Гэта добрая прыкмета камуністычнай будучыні”.
“Могилевские ведомости”, 1993 год, Ягор Рыбакоў гутарыць з старшынём часовай камісіі Вярхоўнага Савету Беларусі ў вывучэньні дзейнасьці камэрцыйных структураў Аляксандрам Лукашэнкам. Той гаворыць:
“У нас страшэнна карумпаванае грамадзтва. Я нават не магу адшукаць словаў, каб сказаць, наколькі ўсё павязана паміж сабой. Практычна кожны чыноўнік адзін аднаго ведае, і гэта пагаршае сытуацыю. Утварыўся такі клубок, што перарубіць яго ня так і проста. Як толькі пачынаем займацца канкрэтнай справай, на Лукашэнку выходзяць кіты і спрабуюць пераканаць мяне, што тут “крыху іншая сытуацыя”. “Грошай на жыцьцё хапае?” — цікавіцца карэспандэнт. Адказ: “Ведаеце, калі б з дому не прывозіў бульбу і агуркі, дык, напэўна, у Менску і памёр бы ад голаду”.