Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПОШНІМІ ДНЯМІ ДАМОЎ ДА ЛІЦЭІСТАЎ СТАЛІ ПРЫХОДЗІЦЬ НАСТАЎНІКІ ЗЬ МЯСЦОВЫХ ШКОЛАЎ І РАСПЫТВАЦЬ, ДЗЕ ТЫЯ БУДУЦЬ ВУЧЫЦЦА


Любоў Лунёва, Менск

Бацькі некаторых ліцэістаў паведамілі пра тое, што да іх прыходзілі настаўнікі з тых школаў, дзе раней вучыліся іхныя дзеці. На думку бацькоў, чыноўнікі Гарадзкога аддзелу адукацыі разаслалі асабовыя справы іхных дзяцей па розных школах. Намесьніца старшыні бацькоўскай рады Рэгіна Зімніцкая лічыць, што такім чынам чыноўнікі даюць яшчэ адну нагоду для звароту ў суд.

(Зімніцкая: ) “Бацькі задаюць законныя пытаньні: “Паводле якіх праграмаў будуць вучыцца іхныя дзеці? Хто дырэктар Ліцэя? Ці вядомы склад пэдагагічнага калектыву? На якой мове будуць вучыць дзяцей?” На гэтыя пытаньні камітэт адукацыі адказаў пакуль ня мае. Як мы можам аддаваць дзяцей невядома куды, невядома каму!?. Цікава, якое маюць дачыненьне настаўнікі школаў, дзе раней вучыліся нашыя дзеці, да стану нашых дзяцей? Ці ня ёсьць гэта сьведчаньнем таму, што асабовыя справы нашых дзяцей ужо разаслалі па розных школах? Тады гэта ёсьць падставаю да звароту ў суд, бо бяз нашага жаданьня, бяз нашых заяваў асабовыя справы аддаюць у іншыя навучальныя ўстановы”.

Я патэлефанавала ў Аддзел адукацыі Сьвятлане Варонінай, якой даручылі весьці перамовы з бацькамі ліцэістаў.

(Вароніна: ) “Ліцэй будзе потым, пасьля капітальнага рамонту, а пакуль у розных гімназіях будуць ліцэйскія клясы. Якія выкладчыкі іх будуць там вучыць? Ня ведаю… Магчыма, нешта стане вядома ў першых чыслах верасьня. Што тычыцца таго, што яны хочуць вучыцца ўсе разам і ў тых выкладчыкаў… А дзе ж можна знайсьці будынак? Няма будынка”.

Выкладчыкі Ліцэя правялі пэдагагічную нараду на вуліцы ля стадыёна “Дынама”, бо іншага месца не знайшлося. Яны абмеркавалі гэты стан і вырашылі, што, нягледзячы на надзвычайную сытуацыю, навучальны год пачнецца, як звычайна, з урачыстай лінейкі. Каб не было ніякіх збоеў падчас навучаньня, зацьвердзілі расклад заняткаў. Уладзімер Колас атрымаў больш за 130 заяваў ад бацькоў ліцэістаў з просьбаю вучыць іхных дзяцей у ранейшым складзе. Адразу пасьля заканчэньня пэдагагічнай нарады Уладзімер Колас паведаміў Радыё Свабода:

(Колас: ) “Улады працягваюць дэманстраваць сваю прафэсійную непрыгоднасьць. Я маю на ўвазе тых, хто робіць гэтую справу. З самога пачатку нявернае стаўленьне да сваіх абавязкаў. Усе пэдагогі настроеныя на сумленную працу. Я накіраваў ліст “мэру” Паўлаву, у якім заклікаў яго праявіць добрую волю і прыняць рашэньне ў інтарэсах навучэнцаў гэтага Ліцэя. Безумоўна, мы пастаўленыя ў такія варункі, што ў нас няма часу. Я прапанаваў яму аддаць нам гэты будынак на ўмовах бясплатнай бестэрміновай арэнды з тым, што мы самі будзем рабіць рамонт і навучаць дзяцей на тыя сродкі, якія знойдзем самі”.

Нягледзячы на тое, што выкладчыкі афіцыйна засталіся бяз працы, яны пацьвердзілі сваю гатоўнасьць працаваць далей. Прызначаная міністрам Брыгадзіным на пасаду дырэктара Ліцэя Тамара Шчэрбачэвіч цяпер сама апынулася перад пагрозай беспрацоўя. Я размаўляла зь ёй па тэлефоне:

(Шчэрбачэвіч: ) “Як і ўсе. Я зараз працую ў ліквідацыйнай камісіі да 27-га. А потым ня ведаю… Будзем вырашаць. Ніхто пакуль нічога ня ведае…”

А 6-й вечара ліцэісты ладзілі пікет пад лёзунгам: “Мы хочам вучыцца разам!” У панядзелак адбудзецца апошні бацькоўскі сход перад пачаткам навучальнага году. На ім будзе выпрацаваная праграма далейшых дзеяньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG