Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕ ЖЫВЕЦЦА ЛЕПЕЙ? АПЫТАНЬНЕ СВАБОДЫ НА ВУЛІЦАХ МЕНСКУ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Пытаньне тыдня беларускай Свабоды — “У якой з постсавецкіх краінаў, на Вашую думку, жыцьцё сёньня найлепшае, і чаму?” Што думаюць у гэтай справе беларусы? Думкамі менскіх мінакоў на гэты конт цікавіўся наш карэспандэнт.

(Пэнсіянэр: ) “Мне здаецца, што з усіх былых савецкіх рэспублік найлепей жыць у краінах Балтыі. У іх дэмакратычны лад і рынкавая эканоміка, і ў гэтым яны знаходзяцца ў лепшым становішчы ад іншых былых рэспублік Саюзу”.

(Спадар: ) “У Беларусі лепей. Тут народ больш заняты працай, робім вось горад прыгожы, прыемна паглядзець, радуемся гэтаму. Радуемся, што менш у нас крыміналу, чым у іншых. Я працую на дзяржаўнай службе, і беспрацоўных сярод маіх сяброў і знаёмых няма”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, у якой з постсавецкіх краінаў сёньня жыць найлепей і чаму?”

(Дзяўчына: ) “Я нават ня ведаю, што вам адказаць на гэтае пытаньне — я не адсюль, я з Узбэкістану… Магу сказаць, што тут адносна добра. Хаця эканоміка й не на вышэйшым узроўні, але жыць можна. Проста няма з чым параўнаць”.

(Спадар: ) “Ведаеце, такое складанае пытаньне... У іншых краінах я цяпер не бываю, але мне здаецца, што ў Латвіі, Літве лепей. Мне здаецца, яны пайшлі слушным шляхам, бліжэй да Эўропы. Дзе мы й павінны быць”.

(Пэнсіянэрка: ) “Я думаю, што лепей жыць у краінах Балтыі. Там народ больш свабодны”.

(Хлопец: ) “У Беларусі лепей, бо я тут нарадзіўся, жыву, таму й лепей”.

(Ягоны сябар: ) “Таксама думаю, што лепей у Беларусі. І ня трэба нам аб’ядноўвацца з Расеяй”.

(Дзяўчына: ) “Думаю, недзе ў краінах Балтыі. Таму, што там лепей разьвіваецца спорт”.

(Спадарыня: ) “Я жыву тут, таму ня ведаю, як жывуць у іншых краінах. Тут пакуль нармалёва, але калі шчыра — хочацца некуды зьехаць”.

(Спадар: ) “Думаю — у нас. Прыгожы горад, людзі добрыя”.

(Спадарыня: ) “Лепей там, дзе нас няма. Нам у Беларусі добра пакуль”.

(Яе сын: ) “Я лічу, што ў Беларусі — таму, што мы жывем, і гэта добра”.

(Спадар: ) “У Балтыі — таму, што ідуць слушным шляхам. Яны абралі шлях незалежнасьці ды дэмакратыі, таму й лепей жывуць. Таму краіны, што жывуць цяпер лепей — Літва, Эстонія, Латвія”.

І толькі адзін чалавек сказаў, што лепшае жыцьцё на постсавецкай прасторы цяпер у Расеі:

(Спадар: ) “Я думаю, што ў Расеі. Таму што там, на мой погляд, ёсьць нейкія посьпехі ў дэмакратыі, хаця і ёсьць свае праблемы, якія яны вырашаюць. Правінцыя там жыве значна горш, але ж, думаю, Расея падымецца. Ня так, можа, адназначна, як цяпер, але ж трэба трымацца гэтай моцнай дзяржавы”.

Дадам, што многія казалі, што ўжо даўно не выяжджалі за межы Беларусі, і таму ім цяжка адказаць: “Дзе жыць лепей?..”
XS
SM
MD
LG