Як распавёў Радыё Свабода галоўны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароўя Анатоль Кажамякін, сёлета за сем месяцаў было зарэгістравана 11 выпадкаў захворваньняў на клешчавы энцэфаліт і 67 — на хваробу Лайма, у тым ліку ў ліпені — 32 выпадкі. Хвароба Лайма ці лайм-бэрэліёз лічыцца менш небясьпечнай за клешчавы энцэфаліт, аднак і яна даволі сур’ёзная, бо інфэкцыя паражае ўнутраныя органы чалавека. Раней лічылася, што абедзьве хваробы ў Беларусі пераносяць два віды кляшчоў — пашавы й лясны, цяпер жа навукоўцы знайшлі ў краіне яшчэ новы від кляшча — таёжны.
Ці гатовая беларуская мэдыцына да падобных выпадкаў? Для Марыі Ягоравай досьвед зьвяртаньня з гэтай нагоды ў мэдычныя ўстановы быў досыць непрыемным. У суботу яна з мужам езьдзіла ў лес, а ў нядзелю заўважыла ля калена ўкус кляшча. Ведаючы пра небясьпеку клешчавага энцэфаліту, зьвярнулася па мэдычную дапамогу. У шпіталі хуткай дапамогі ёй параілі зьвярнуца ў 5-ю клініку па месцы жыхарства, але туды немагчыма было датэлефанавацца.
(Ягорава: ) “Тады нам сказалі, што трэба ехаць у інфэкцыйны шпіталь на Крапоткіна, 76. Мы прыехалі туды, і нам сказалі ў прыёмным пакоі, што яны гэтым не займаюцца, і каб мы ці даставалі яго самастойна, ці шукалі дапамогу ў іншым месцы, і парэкамэндавалі мне вітаміны папіць. Ніхто нават не хацеў паглядзець, што ў мяне там. Тады мы паехалі ў шпіталь на Філатава. У прыёмным пакоі мяне спачатку добра аблаялі за тое, што я так позна прыехала, бо трэба было прыяжджаць у працоўны дзень. Я яшчэ паўгадзіны сядзела пад дзьвярыма, пакуль нарэшце зьявілася лекарка. Правяла ваткаю з мэдычным сьпіртам гэтае месца і клешч тут жа сам адваліўся”.
Калі на наступны дзень Марыя Ягорава прыйшла ў сваю паліклініку, высьветлілася, што інфэкцыяніст у адпачынку, а ўчастковы тэрапэўт можа прыняць яе толькі праз колькі дзён. Калі нарэшце Марыя Ягорава трапіла да лекара, ёй параілі прыйсьці яшчэ раз, калі адчуе сябе дрэнна.
(Ягорава: ) “Буду спадзявацца, што ў мяне ўсё скончыцца добра. Ня ведаю, як у іншых, хто сутыкнецца з нашай мэдыцынай”.
А вось якія парады на выпадак укусу кляшча дае загадчык аддзяленьня паразыталёгіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Андрэй Ведзянкоў.
(Ведзянкоў: ) “У першую чаргу трэба паспрабаваць выдаліць кляшча такім чынам, каб не адарваць яму галоўку з хабатком. Кляшча пажадана захаваць, пакласьці яго ў чысты флякон, напісаць, дзе й калі ён адлоўлены, і аднесьці ў бліжэйшы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі. Улічваючы, што выпадкаў клешчавога энцэфаліту разоў у дзесяць менш за хваробу Лайма, мы рэкамэндуем на працягу 5-7 дзён піць антыбіётык даксіцыклін, і гэта будзе надзейнай прафіляктыкай хваробы Лайма. Ад клешчавога энцэфаліту даксіцыклін не абароніць. А са спэцыфічных захадаў хіміяпрафіляктыкі ў нас няма нічога, што дае гарантыю на 100%”.
Як распавёў Радыё Свабода Андрэй Ведзянкоў, прышчэпкі супраць клешчавога энцэфаліту ў Беларусі робяць толькі тым, хто ад’яжджае на сэзонныя працы ў Белавескую пушчу, а таксама ў раёны Сібіры і Далёкага Ўсходу.