На Жабiнкаўскiм цукровым заводзе цяпер рыхтуюцца да прыёму новага ўраджаю цукровых буракоў. Але ў сховiшчах прадпрыемства ўжо больш за 44 тысячы тонаў цукру. Рабочыя кажуць, што ня памятаюць, калi на заводзе былi такiя лiшкi гатовай прадукцыi. Праблемы са збытам цукру ў першую чаргу адбiлiся на мясцовым бюджэце. Гаворыць загадчыца фiнансавага аддзелу Жабiнкоўскага райвыканкаму Лiдзiя Тур:
(Тур: ) "Непаступленьнi велiзарныя. Ад цукровага заводу мы атрымлiваем прыкладна 45 адсоткаў усiх сваiх даходаў. Але з траўня мы не атрымалi ад iх нi рубля. Нi прыбытку, нi падатку на дабаўленую вартасьць".
Каб прафiнансаваць бюджэтную сфэру, кiраўнiцтва райвыканкаму вымушанае зьвяртацца ў банкi i браць крэдыты для выплаты заробкаў настаўкам, мэдыкам i нават журналiстам дзяржаўнай раённай газэты. Ужо другi месяц у раёне са спазьненьнем выплочваюцца i пэнсii.
Чаму на Жабiнкаўcкiм заводзе засталiся вялiкiя запасы цукру, цяпер высьвятляюць абласныя i ўрадавыя чыноўнiкi. Ужо прынятае рашэньне пра звальненьне з пасады дырэктара прадпрыемства Анатоля Турака. Яго вiнавацяць у тым, што аддаў перавагу ўвозу сыравiны з-за мяжы i мала цiкавiўся рэалiзацыяй гатовай прадукцыi. Але нават кiраўнiк назiральнай рады заводу Iван Бурда ня верыць, што пасьля зьмены дырэктара становiшча палепшыцца:
(Бурда: ) "У блiжэйшы час нiчога ня выправiцца. Патрэбныя занадта вялiкiя iнвэстыцыi на рэканструкцыю заводу. Грошай чакаць няму адкуль, спадзяваньнi толькi на ўрад. Таму ня варта чакаць, што зьменiм дырэктара i адразу ўсё зьменiцца. Так не бывае".
У адмiнiстрацыi заводу заўважаюць, што праблемы са збытам узьнiклi яшчэ i таму, што ў Расеi ўведзеная адмысловая мытная пошлiна на iмпартаваны цукар, якая закранае i беларускiх вытворцаў. Нечаканым сталася i рэзкае зьнiжэньне попыту на цукар на айчынным рынку: сёлета рэалiзацыя гэтага прадукту скарацiлася амаль на 40 адсоткаў. У такiх умовах можа застацца бессэнсоўным рашэньне беларускага ўраду выдаткаваць сродкi на павелiчэньне магутнасьцяў цукровых заводаў, а таксама загад выкарыстоўваць у вытворчасьцi цукру толькi айчынную сыравiну.