Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕСЯЦЬ ДЗЁН ДА ПАЧАТКУ НОВАГА НАВУЧАЛЬНАГА ГОДУ. ЛІЦЭІСТЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ЛІЦЭЮ ІМЯ Я.КОЛАСА АКТЫВІЗАВАЛІ СВАЕ ДЗЕЯНЬНІ


Любоў Лунёва, Менск

Ліцэісты апроч таго, што ладзяць вулічныя акцыі, рыхтуюцца да 1 верасьня. Валеры Мазынскі пачаў рэпэтыцыі ўрачыстай лінейкі. А ў нядзелю ў парку “Чалюскінцаў” мусяць адбыцца футбольныя спаборніцтвы. Акрамя ліцэйскіх камандаў будуць каманды з цэнтра “Супольнасьць”, каманда інтэрнэт-фанаў “Дынама Менск”, каманда “Маладога Фронту” зь Берасьця, з Барысава прыедуць прадстаўнікі МФ і “Зубра”, магчыма, будуць каманды ад палітычных партыяў (хутчэй за ўсё БНФ і АГП). Супрацоўнікі “Аьфа-Радыё” пагадзіліся зрабіць рэклямную абвестку гэтага турніру і нават самі паўдзельнічаць. Іх каманда будзе гуляць з камандай выпускнікоў ліцэю. Ліцэісты — аматары футболу. Яны з задавальненьнем гуляюць у футбол і спадзяюцца на перамогу.

Бацькам ліцэістаў прапанавалі тэрмінова падаць заявы ў новы Гарадзкі ліцэй. Бацькі кажуць, што з задавальненьнем аддалі б сваіх дзяцей у Гарадзкі ліцэй, калі там будуць былыя выкладчыкі і вучыць дзяцей будуць па-беларуску. Сытуацыя склалася, як ніколі, кур’ёзная — яны пытаюцца: на чыё імя пісаць заяву, хто дырэктар? Ніхто ня ведае... Пытаюцца: у якіх выкладчыкаў будуць вучыцца дзеці, паводле якіх праграмаў, на якой мове? Таксама няма адказу...

Бацькам кажуць, што дзяцей раскідаюць па розных гімназіях і па розных клясах, але будзе лічыцца, што яны вучацца ў Ліцэі. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у сыстэме адукацыі ня толькі Беларусі.

Бацькі падалі больш за 130 заяваў на імя Ўладзімера Коласа з просьбаю пакінуць іх дзяцей у тых выкладчыкаў і ў тым Ліцэі, куды яны паступілі. Калектыў Ліцэя адчувае падтрымку. Сьведчаньнем таму — сем з паловай тысячаў подпісаў у абарону Ліцэя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG