Паводле Элізабэт Шродтэр, афіцыйнай рэакцыі Эўрапарлямэнту на дэпартацыю зь Беларусі нямецкага грамадзяніна, міжнароднага каардынатара моладзевай арганізацыі JUSOS Яна Буша трэба чакаць у першыя дні верасьня, калі дэпутаты вернуцца са сваіх канікулаў.
(Шродтэр: ) “Я зыходжу з таго, што рэакцыя мусіць быць абавязковай. Бо апошнім часам у Беларусі назіраецца яўная тэндэнцыя да самаізаляцыі. Такая тэндэнцыя зыходзіць ад беларускага лідэра і яна ня можа быць праігнараваная намі, бо падобная палітыка накіраваная супраць уласнага народа. Відавочна, што Лукашэнка хоча ізаляваць беларусаў ад супрацоўніцтва з эўрапейскімі структурамі і арганізацыямі. Аднак гэтага ня хочам мы, эўрапейцы. Мы хочам дачыненьняў зь беларусамі. Што да канкрэтнага нямецка-беларускага праекту, то гэта вельмі важны праект. Ён меў падтрымку ў Эўропе. Дэпартыцыя ягонага каардынатара не паддаецца ніякім тлумачэньням. Ні ў Эўропе, ні ў Нямеччыне мы ня можам пагадзіцца з падобнай рэакцыя беларускага боку”.
Нагадаем, што праект сумесных двухбаковых сэмінараў, прысьвечаных палітычнай і грамадзкай дзейнасьці моладзі Беларусі й Нямеччыны быў ухвалены на ўзроўні кіраўніцтва МЗС абедзьвюх краінаў. Фінансуе гэты праект нямецкае замежнапалітычнае ведамства. Паводле нямецкіх экспэртаў, якія бралі ўдзел у шэрагу сэмінараў, цікавасьць маладых жыхароў беларускай глыбінкі да адбыўшыхся і маючых адбыцца імпрэзаў надзвычай высокая.
“Ці будзе ўсё ж працяг у гэтых сэмінараў, бо згодна з папярэднімі міжурадавымі дамоўленасьцямі, імпрэзы мусілі працягвацца на працягу гэтага ды й наступнага месяцаў?”,— такое пытаньне мы задалі непасрэдна кіраўніку праекту Яну Бушу?
(Буш: ) “Што тычыць будучыні праекту, то рашэньня наконт гэтага пакуль няма. У нас засталіся неправедзенымі два сэмінары і мы зараз пакуль ня ведаем, як гэта будзе далей арганізацыйна разьвівацца. Тое, што да гэтых сэмінараў маюць інтарэс ягоныя ўдзельнікі, мала хвалюе беларускі бок. Хаця зь іншага боку, мушу сказаць, што менавіта гэты высокі інтарэс і палохае рэжым. Тая дзіўная ідэалягічная кампанія, якая зараз распачалася ў Беларусі, ёсьць праявай слабасьці рэжыму. Выпадак са мной якраз упісваецца ў гэтую сытуацыю. Аднак справа ня толькі ў мяне. У краіне ўзмацніліся рэпрэсіі супраць усіх іншадумцаў. Крэда Лукашэнкі: “той, хто не падзяляе маіх меркаваньняў — ёсьць здраднікам”, ёсьць вельмі тыповым для савецкага часу. Мяне хвалюе, што ў Беларусі цалкам магчымае зваротнае разьвіцьцё — ад аўтарытарызму да таталітарызму. Пакуль што такое ня здарылася, аднак тэндэнцыя відавочная”.