Лекары інфэкцыйнага шпіталю і адмыслоўцы гарадзкога цэнтру гігіены называюць розныя лічбы захварэўных на серозны менінгіт. Адны – больш за 40 чалавек, другія – напалову меней.
Загадчыца першага аддзяленьня шпіталю Галіна Кузьміна паведаміла нашаму радыё, што зараз лекаваньне ў стацыянарных умовах праходзяць 27 чалавек з дыягназам серозны менінгіт. Гэта пераважна жыхары абласнога цэнтру.
Нядаўна са шпіталю выпісаны пасьля лячэньня хлопчык зь Веткі і жанчына з Калінкавіцкага раёну. Паводле слоў спадарыні Кузьміной, хвароба носіць сярэднюю ступень цяжкасці. Пераважная большасць захварэўшых – дзеці ад 4 да 6 гадоў. Ёсьць і падлеткі.
Крыніцу энтэравіруснай інфэкцыі, якая выклікае серозны менінгіт, выявіць пакуль не ўдалося. Распавядае эпідэміёляг гарадзкога цэнтру гігіены Аляксандар Сасноўскі.
Сасноўскі: “Вірус у зьнешнім асяродку, у прадуктах харчаваньня выявіць пакуль не ўдалося. Канкрэтную крыніцу ягонага паходжаньня знайсці ня можам. Выпадкі захворваньня на менінгіт назіраюцца ў розных мікрараёнах. Цяжка сказаць, што адкуль бярэцца. Хутка пачынаецца навучальны год. Галоўнае зараз, каб гэтае сезоннае падвышэньне інфекцыйнай хваробы не перакінулася ў дзіцячыя садкі і школы. Важна не даць пад’ёму перарасці ва ўспышкі захворвання”.
У горадзе не перапыняецца гіпэрхляраваньне вады, узмоцнены кантроль за выпускам і продажам прадуктаў харчавання.
На памяці ва ўсіх эпідэмія серознага менінгіту, якая ўспыхнула ў абласным цэнтры летам 97 году. Тады на серозны менінгіт захварэлі больш за 600 чалавек. Крыніцай захворвання стала вада з гарадзкога вадаводу.