Вось і сёньня, 21 жніўня, замест допыту сьведак суд мусіў заняцца марудным агалошваньнем шэрагу дакумэнтаў крымінальнай справы. “Гэта патрэбны занятак, але наўрад ці гэтак суд наблізіцца да высьвятленьня галоўнага пытаньня — вінаваты мой сын у выкраданьні аўтамабіляў ці не вінаваты”,— лічыць абаронца Чыгіра-малодшага, ягоная маці Юлія Чыгір. Яе хадайніцтва дадатковага допыту гэтых сьведак раней задаволіў суд.
А здарылася наступнае. Ужо падчас судовага працэсу Юлія Чыгір параўнала дадзеныя складаньня некаторых пратаколаў і зразумела дзіўную рэч… Аказваецца, адзін і той жа сьведка прысутнічаў адначасова ў двух розных месцах, пра што сьведчылі ягоныя подпісы пад пратаколамі апазнаньня некаторых запчастак, нібыта скрадзеных Аляксандрам Чыгіром. Гэты сьведка — супрацоўнік Бярэзінскай раённай пракуратуры, аднак засьведчыў ён падзеі, якія адбываліся ў Менску.
Зьдзіўленьне адвакатаў выклікаў і той факт, што ня толькі гэты супрацоўнік праваахоўных органаў быццам выпадкова стаў сьведкам. У матэрыялах справы фігуруюць сьведкамі таксама яшчэ адзін супрацоўнік менскай пракуратуры і адзін сьледчы. “Каля траціны пратаколаў у справе, прычым самых істотных, падпісалі гэтыя сьведкі, між тым закон забавязвае сьледчых прыцягваць сьведкамі выпадковых людзей!”,— абураецца Юлія Чыгір. Яна не выключае, што з дапамогай падобных сьведак справа супраць яе сына была сфабрыкаваная.
(Чыгір: ) “Гэта сьведчыць пра тое, што сьледчыя дзеяньні праводзіліся ў кабінэтах, што там зафіксаваная лухта. Бо навошта было падпісваць фальшыўкі, калі б былі сапраўдныя дакумэнты?”
Усе тры сьведкі — супрацоўнікі праваахоўных органаў, якіх выклікалі сёньня ў суд, на працэс не зьявіліся і судзьдзя нават не паставіла пытаньня аб прымусовым прыводзе іх у суд.
Нагадаем, Аляксандар Чыгір ужо асуджаны на 7 гадоў турмы за ўдзел у крадзежы аўтамабіляў. Зараз яго абвінавачваюць ў гэтым жа злачынстве па іншых эпізодах, а таксама яму інкрымінуюць незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Праваабаронцы і шмат апазыцыйных палітыкаў у Беларусі лічаць, што Чыгіра-малодшага перасьледуюць, каб скампрамэтаваць ягонага бацьку, вядомага сваёй палітычнай дзейнасьцю.