“Віцебскі пралетар” у 1933 годзе пад загалоўкам “Шырока распаўсюдзім вопыт Паўночнага Каўказа па ахове ўраджаю” піша:
“У рэдакцыю штодзень паступаюць трывожныя сыгналы аб фактах і спробах хішчэньняў калгаснага ўраджаю ў калгасах нашага раёну. Спробы клясавага ворага зьнішчыць калгасны ўраджай павінны быць адбіты пры масавым актыўным удзеле ўсіх калгасьнікаў, скарыстаньні ўсіх сродкаў і вагароў у барацьбе са злодзеямі, жулікамі і кулакамі, раскрадаючымі сацыялістычны ўраджай. Мы ўпэўнены, што гарадзкі камітэт камсамолу і гарадзкое бюро юных піянэраў жыва адгукнецца на баявыя справы калгасных рэбят Паўночнага Каўказу і арганізуюць дзясяткі і сотні атрадаў, груп і зьвеньняў “лёгкай кавалерыі” з піянэраў, калгасных рэбят, з неарганізаванай дзетвары гораду і вёскі”.
“Чырвоная змена” ў 1973 годзе пад рубрыкай “Ліст да сябра” і загалоўкам “Ніва не даруе” зьмясьціла допіс Валеры Аўласевіча зь вёскі Лануты Докшыцкага раёну:
“Дзень добры, дружа! Атрымаў я ад цябе пісьмо. Ты пішаш, што пасьля службы ў арміі не вярнесься ў родныя мясьціны, што працаваць трактарыстам цяжка. У той час, калі ты пісаў гэтыя радкі, я быў ужо ў полі. Прыгадай, Міша, той цёплы красавіцкі вечар, калі ты, усхваляваны прыгажосьцю навакольля нашай вёскі, казаў мне: “Нічога больш ня трэба мне ў жыцьці для шчасьця, як заўсёды быць дома, сярод гэтай прыгажосьці”. Я веру ў шчырасьць тваіх слоў, бо ня мог ты крывіць душой у той вечар, ня мог маніць самому сабе”.
У 1993 годзе ў гэты дзень “Народная газета” надрукавала заяву прэс-службы МУС Рэспублікі Беларусь:
“Пайшоў восьмы дзень, як сродкі масавай інфармацыі працягваюць камэнтаваць падзею, зь якой зьвязаны выбух на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Са спасылкамі на “спэцыялістаў кампэтэнтных органаў, якія правялі экспэртызу”, агенцтва Белінфарм распаўсюдзіла інфармацыю, у якой выказаная вэрсія, што прычынай выбуху мог быць снарад рэактыўнага гранатамёту “Чмель” ці “Муха”. Прэс-служба МУС упаўнаважана заявіць са спасылкай на начальніка сьледчага камітэту МУС Беларусі палкоўніка міліцыі Юрыя Захаранку, што… выбуховы зарад, у якасьці якога выкарыстоўвалася рэчыва, што выраблялася ў абарончай прамысловасьці да 1938 году, быў устаноўлены злачынцамі на плошчы ў кустах. На месцы здарэньня мэталёвых асколкаў ня знойдзена і адпаведна не зафіксавана іх узьдзеяньне на блізкія аб’екты”.