Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ ГРАМАДЗКАГА АБ’ЯДНАНЬНЯ “РУСЬ” СЬЦЬВЯРДЖАЮЦЬ, ШТО Ў БЕЛАРУСІ АДБЫВАЕЦЦА “ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ РАСЕЙЦАЎ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пра тое, што этнічных расейцаў быццам бы дыскрымінуюць у Беларусі паведаміў Інфармацыйна-аналітычны партал постсавецкай прасторы “Мацярык”, створаны расейскай грамадзкай арганізацыяй “Інстытут краінаў СНД” пад кіраўніцтвам Канстанціна Затуліна. Гэты сайт сьцьвярджае, што “беларускія ўлады працягваюць, насуперак Канстытуцыі і Закону “Аб мовах” Рэспублікі Беларусь, праводзіць палітыку скіраваную на скарачэньне выкарыстаньня ў краіне расейскай мовы”.

Аўтар артыкулу спасылаецца на словы актывістаў малавядомага таварыства расейскай культуры “Русь”, якія сьцьвярджаюць, што цяпер у Беларусі парушаюцца іхныя моўныя правы. Маўляў, на таварных абгортках зьявіліся беларускія тлумачэньні, у гарадзкім транспарце Менску ўсё больш беларускамоўных абвестак, а даведка пра час і надвор’е ў сталічным тэлефонным сеціве гучыць цяпер выключна па-беларуску. Актывісты таварыства “Русь” накіравалі пратэст у Камітэт справаў стандартызацыі, мэтралёгіі й сэртыфікацыі пры Савеце Міністраў.

Пры гэтым яны дадаюць сваю гістарычную даведку. Аказваецца, што расейская мова выкарыстоўваецца на тэрыторыі Белай (Заходняй) Русі больш за 1000 гадоў. Паводле аўтараў, гэтая мова была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім і ледзь ня роднай для Эўфрасіньні Полацкай, Францішка Скарыны, Кірылы Тураўскага, Сымона Полацкага ды іншых выбітных асобаў беларускай гісторыі й культуры. На гэтай падставе актывісты таварыства “Русь” заяўляюць, што… “спробы штучна абмежаваць сфэру выкарыстаньня расейскай мовы ў Беларусі, супярэчаць ня толькі нормам дэмакратыі, але й прынцыпу гістарычнай справядлівасьці”.

Намесьнік старшыні Дзяржкамітэту ў справах стандартызацыі, мэтралёгіі й сэртыфікацыі Аляксей Клімянкоў паведаміў, што актывістам расейскага таварыства высланы адказ. У ім паведамляецца, што на пакунках беларускіх тавараў інфармацыя падаецца як на беларускай, гэтак і на расейскай мовах. Таму ніякага парушэньня моўных правоў тут няма.

Вядома, што апошнім часам для пашырэньня ўжываньня беларускай мовы ў пэўных сфэрах жыцьця й гаспадаркі шмат намаганьняў было прыклала Таварыства Беларускай Мовы. Намесьнік старшыні ТБМ Сяргей Кручкоў назваў абвінавачваньні таварыства “Русь” абсурднымі й сьмешнымі. Таварыства Беларускай Мовы мае афіцыйны ліст ад старшыні Канстытуцыйнага суда Рыгора Васілевіча, які рэкамэндуе Дзяржстандарту зьмяшчаць паўсюль інфармацю на абедзьвюх дзяржаўных мовах, каб не пакрыўдзіць розныя групы насельніцтва. Так, што ў ТБМ спадзяюцца, што зварот таварыства “Русь” ня будзе мець ніякіх наступстваў, натуральна, калі ў гэтую справу ня будуць мяшацца нейкія іншыя высокія чыноўнікі.

Таварыства “Русь” — гэта малавядомая ў Беларусі арганізацыя, хоць яна й існуе з пачатку 90-х гадоў. Я адмыслова патэлефанаваў у гэтай справе ў Міністэства юстыцыі. Начальнік управы рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў Міхаіл Сухінін паведаміў, што кіруе гэтай арганізацыяй нехта Міхаіл Паўлаў, а штаб-кватэра знаходзіцца ў Берасьці. Па ўсёй Беларусі “Русь” мае некалькі дзясяткаў сябраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG