На сёньняшні дзень збожжа сабранае амаль з 90 адсоткаў плошчаў, але пры гэтым важнага парогу ў 5 мільёнаў тон дасягнуць не атрымалася. То бок відавочна, што вялікага ўраджаю гэтым летам у Беларусі ня будзе. Аднак аграрныя чыноўнікі ўсё ж захоўваюць аптымізм. Як сказаў мне начальнік управы расьлінаводзтва Міністэрства сельскай гаспадаркі Ўладзімер Куратнік, сёлета, з улікам умоваў надвор’я, плянуецца сабраць каля 5 мільёнаў тон збожжа ў грамадзкім сэктары і яшчэ прыкладна паўмільёна тон – у прыватных гаспадарках. Раней сапраўды плянавалася атрымаць агульны ўраджай у 6,4 мільёны тон. Як запэўніў мяне спадар Куратнік, для гэтага было ўсё зроблена. Але сухмень у пачатку лета зьнішчыў значную частку пасеваў. Асабліва ад яго пацярпела Гомельская вобласьць, зачапіла таксама некаторыя раёны Берасьцейскай і Менскай вобласьці. Ну а пасьля сухменя па Беларусі прайшлі дажджы, ад якіх шмат пасеваў палягло. Таму тэхналягічныя страты ў сельскай гаспадарцы сёлета ўзрасьлі з аб’ектыўных прычынаў.
Вядома, што сёлета ў выніку рознага кшталту прыродных катаклізмаў ураджай збожжа зьнізіўся ва ўсёй Эўропе. Праблемы з ураджаем сапраўды ня толькі ў Беларусі. Але Ўладзімер Куратнік лічыць, што на кошты на збожжа гэтая акалічнасьць істотна не паўплывае, хоць месяц таму незалежныя экспэрты прагназавалі якраз адваротнае. Гэтак, у Расеі ураджай, паводле розных ацэнак, ніжэй за леташні адсоткаў на 20, адпаведна там чакаюць падвышэньня коштаў. Беларускія ж чыноўнікі такую магчымасьць выключаюць.
Прадстаўнік Мністэрства сельскай гаспадаркі таксама нагадаў, што на харчовай бясьпецы краіны гэтае зьніжэньне ўраджая ніяк не адаб’ецца. Як і раней, чыноўнікі абяцаюць ня толькі цалкам забясьпечыць хлебам насельнікаў Беларусі, але й яшчэ прадаць частку збожжа суседзям, калі тыя будуць мець такую патрэбу. Кожны год пераходны фонд харчовага жыта быў 300 тысяч тон, сёлета жыта запатрабаванае паўсюль, цьвердзіць спадар Куратнік.
Нагадаю, што падобныя выказваньні з вуснаў высокіх чыноўнікаў ужо гучалі і адзін з урадоўцаў нават пасьпеў заявіць, маўляў, Беларусь гатовая прадаць частку свайго ўраджаю суседняй Украіне, але ўкраінская амбасада адказала, што дзяржава ня мае патрэбы ў імпартаваным збожжы. Таму гэты аптымізм беларускіх аграрыяў выглядае ненатуральным.