У папярэджаньні Беларускаму Гэльсынскаму камітэту першы намесьнік міністра юстыцыі Аляксандар Петраш піша, што “нягледзячы на вусныя прэтэнзіі рэгіструючага органу” праваабаронцы карыстаюцца блянкам, штампам і пячаткай, на якіх “назва арганізацыі не адпавядае статутнай”.
З такіх блытаных тлумачэньняў цяжка зразумець, што меў на ўвазе чыноўнік. І толькі пасьля звароту праваабаронцаў у Мінюст там патлумачылі, што арганізацыя ў прыватнасьці карыстаецца пячаткай, на якой словы “Беларускі Гэльсынскі камітэт” ня ўзятыя ў двукосьсе. Выканаўчы дырэктар Гэльсынскага камітэту Алег Гулак так пракамэнтаваў гэтае папярэджаньне:
(Гулак: ) “Самі прэтэнзіі можна назваць проста сьмешнымі, анэкдатычнымі. У гэтай сытуацыі, калі ва ўсіх нашых рэгіянальных адзяленьнях і ў рэспубліканскай арганізацыі праводзяцца падаткавыя інспэкцыі, калі Мінюст сабраў інфармацыю пра дзейнасьць амаль ўсіх грамадзкіх арганізацыяў. Калі атрымалі папярэджаньне многія праваабарончыя арганізацыі, то напрошваецца выснова, што гэта нейкая частка цэнтралізаванага перасьледу “трэцяга сэктару” і, у прыватнасьці, праваабаронцаў. Скажам так, нейкая “зачыстка” перад важнымі падзеямі. Гэта можа быць рэфэрэндум, можа маецца нейкі іншы сцэнар. Сказаць цяжка — нашыя ўлады ў гэтым сэнсе непрадказальныя”.
Кіраўніцтва БГК прапануе мінюстаўскім чыноўнікам зьвярнуцца па тлумачэньні ў гэтай справе ў Міністэства ўнутраных справаў. Гэтае ведамства ў 1995 годзе зарэгістравала пячатку БГК, дзе назва арганізацыі была без двукосьсяў і Мінюст да апошняга часу з гэтай прычыны ня меў прэтэнзіяў да Гэльсынскага камітэту.
Кіраўніцтва БГК пакуль ня ведае, як адрэагаваць на Мінюстаўскае папярэджаньне, бо не спадзяецца, што суд прыме бок праваабаронцаў. Паводле заканадаўства, другое такое папярэджаньне можа прывесьці да ліквідацыі арганізацыі.
Іншым чынам дзейнічае кіраўніцтва Беларускай Асацыяцыі журналістаў. Некалькі тыдняў таму БАЖ таксама атрымаў мінюстаўскае папярэджаньне. Чыноўнікі абвінавацілі БАЖ у тым, што на дзьвярах офіса напісаная няпоўная назва гэтай арганізацыі (бяз словаў “Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне”). А таксама ў тым, што некалькі сябраў БАЖ былі прынятыя ў арганізацыю з парушэньнем статуту. Кіраўніцтва Асацыяцыі таксама лічыць гэтыя закіды несур’ёзнымі. 19 жніўня рада БАЖ накіравала ў Мінюст адказ, у якім тлумачыць, чаму вынесенае чыноўнікамі папярэджаньне ёсьць юрыдычна неабгрунтаваным.