Пачну зь ліста нашага слухача Ўладзімера Плотнікава зь Менску. Ён быў адным з тых дзясяткаў людзей, якія 9 лістапада 2001 году выйшлі на абарону Курапатаў, былі затрыманыя міліцыяй, а потым асуджаныя. Уладзімера Плотнікава судзьдзя Менскага раёну Грыцэль пакараў буйным штрафам — 150 мінімальных заробкаў — нібыта за арганізацыю несанкцыяванага пікетаваньня. Пра свае зьвязаныя з гэтым наступныя праблемы слухач распавёў у лісьце на Свабоду. Ён піша:
“Абскарджаньні прысуду ў судах больш высокай інстанцыі ніякага плёну не далі. А выплочваць такую вялікую суму я ня маю магчымасьці. У выніку цяпер з майго заробку штомесяц вылічваюць 20% на пагашэньне штрафу.
Раней мне неаднаразова даводзілася чытаць і чуць, што існуе Праваабарончы цэнтар “Вясна”, які быццам бы аказвае дапамогу такім людзям як я — што трапілі пад рэпрэсіі рэжыму. Туды я і зьвярнуўся. Спачатку мне дапамаглі — кампэнсавалі выдаткі за лістапад, але потым дапамогу спынілі. Я зьвяртаўся туды кожны месяц, але там адказваюць, што грошай у іх цяпер няма. Можа, і сапраўды так. Але ў мяне ўзьнікаюць пытаньні. На Беларусі паствараліся праваабарончыя цэнтры. У іх стала працуюць ды атрымліваюць заробак работнікі. У мэдыях з пашанай распавядаюць пра іх. Але ж чамусьці чалавеку, які трапіў пад палітычныя рэпрэсіі рэжыму, дапамогі амаль няма. Каму ж, як ня мне і не такім як я, дапамагаць?
Можа, мой ліст пачуюць фундатары праваабарончых цэнтраў ды задумаюцца пра тое, на што выкарыстоўваюцца іхныя грошы”,
— напісаў Уладзімер Плотнікаў зь Менску.
І ўсё ж, спадар Плотнікаў, думаю, калі вы ўсталёўвалі ў Курапатах крыжы на знак памяці сваіх зьнішчаных НКВД сваякоў, калі йшлі туды, ведаючы, што рызыкуеце — то не разьлічвалі, што гэты ўчынак будзе кімсьці аплачаны. Гэта быў ваш асабісты маральны выбар. Гонар і пашана вам за гэта! Але наўрад ці справядліва крыўдаваць цяпер на тых, хто, з вашага пункту гледжаньня, недастаткова дапамог у выплаце штрафаў. Гэтыя арганізацыі ня бралі на сябе такіх абавязкаў. І ўвогуле, наколькі я ведаю, паводле свайго статуту яны павінны аказваць найперш кансультацыйную, адвакацкую дапамогу. Да таго ж, спадар Плотнікаў, варта мець на ўвазе, што апошнім часам усе грамадзкія арганізацыі падобнага кшталту церпяць ад уціску ўладаў, а многія і вымушаныя спыніць існаваньне.
Тацяна Барэль з Асіповічаў даслала нам узор таго, як мясцовыя чыноўнікі, ды іншыя начальнікі рэагуюць на скаргі Таварыства Беларускай Мовы наконт татальнай русіфікацыі. Раённая газэта “Асіповіцкі край” зьмясьціла заметку пра тое, што мясцовы малочны камбінат афармляе сваю прадукцыю выключна па-расейску, хоць Расея яе не купляе. Аўтары прасілі ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй афармляць прадукцыю на дзьвюх дзяржаўных мовах.
У афіцыйным адказе выканаўца абавязкаў дырэктара камбіната Гняцько тлумачыць русіфікацыю наступным чынам:
“Улічваючы, што малочная прадукцыя пастаўляецца ня толькі на рынак Асіповіцкага раёну, але і ў іншыя рэгіёны рэспублікі (Гомель, Бабруйск, Менск ды іншыя) і многія спажыўцы ня ведаюць беларускай мовы і ня ўмеюць на ёй чытаць, і было прынятае рашэньне наносіць надпісы на расейскай мове.
Памяняць усе надпісы немагчыма, бо гэта патрабуе дадатковага ўкладаньня грашовых сродкаў, якіх на камбінаце недастаткова. Лічым, што асноўным крытэрам ацэнкі малочнай прадукцыі ёсьць яе якасьць, ад якой залежыць попыт”,
— напісаў у афіцыйным адказе актывістам Таварыства Беларускай Мовы выканаўца абавязкаў дырэктара Асіповіцкага малочнага камбіната спадар Гняцько.
Абураная такім адказам, Тацяна Барэль у сваім лісьце на Свабоду нагадвае, што паводле апошняга перапісу, 80% жыхароў Беларусі лічаць роднай мовай беларускую, а таму, натуральна, умеюць чытаць на ёй.
Спасылка начальніка на тое, што хтосьці ў Гомелі ці Менску ня здолее прачытаць па-беларуску назву малака ці сьмятаны, увогуле не выклікае нічога, апроч пасьмешкі. Пры гэтым хітруе спадар Гняцько, калі сьцьвярджае, што для выкананьня беларускамоўных надпісаў патрабуюцца нейкія дадатковыя ўкладаньні. Упакоўку завод пэрыядычна замаўляе і абнаўляе. Дастаткова пры чарговай замове запатрабаваць ад вытворцы зьмяніць надпісы: гэта нескладаная апэрацыя, якая калі чаго й вымагае, дык хіба што веданьня беларускай мове на ўзроўні трэцяй клясы сярэдняй школы.
А вось тое, што вы, спадар Гняцько, лічыце: маўляў, няважна, як і што напісана на упакоўцы — галоўнае якасьць прадукцыі — вашая істотная памылка. Афармленьне ўпакоўкі сьведчыць пра ваш густ, узровень культуры, адукацыі, нават пра вашую палітычную карэктнасьць. А гэта для спажыўца вашай прадукцыі — своеасаблівы сыгнал. Вы вось цалкам русіфікавалі сваю прадукцыю, а ў Расеі яе купляць ня хочуць. Спытайце сябе — чаму?
У некалькіх папярэдніх аглядах я цытаваў лісты прыхільнікаў Зянона Пазьняка, якія выказвалі нездавальненьне тым, што іншыя лідэры апазыцыі не падзяляюць ідэю байкоту маючых адбыцца выбараў і магчымага рэфэрэндуму. На гэта зьвярнуў увагу наш даўні слухач Мікалай Слуцкі зь Менску. Ён піша:
“Вы пастаянна цытуеце лісты прыхільнікаў Зянона Пазьняка. А чаму не даяце слова іхным апанэнтам? Разважлівым людзям зразумела, што Пазьняк ня можа быць духоўным лідэрам нацыі. Ён увесь час прапаведуе нянавісьць да Расеі, а тых актывістаў апазыцыі, якія не пагаджаюцца зь ім, называе агентамі расейскіх спэцслужбаў. Па-мойму, гэта — амаральна.
Нават Васіль Быкаў, які спачатку вельмі паважліва ставіўся да Пазьняка, у сваёй апошняй кнізе “Доўгая дарога дадому” напісаў, што няправільная, неразумная палітыка апазыцыі, на чале якой тады быў Зянон Пазьняк, прывяла да паразы, а значыць — да дыктатуры Лукашэнкі. Васіль Быкаў піша, што Алесь Адамовіч папярэджваў пра гэта.
А на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году Зянон Пазьняк ня здолеў сабраць аднаго адсотка подпісаў выбарцаў, каб мець права ўдзельнічаць у выбарах. Дарэчы, хоць паводле закону Пазьняк ня меў права на ўдзел у тых выбарах, бо ўжо больш як пяць гадоў ня жыў у Беларусі, Лукашэнка дазволіў яму ўдзельнічаць”,
— напісаў Мікалай Слуцкі зь Менску.
Відавочна, не пагадзілася б са спадаром Слуцкім прыхільніца Зянона Пазьняка Аліна Дуброўская зь Дзяржынску (Койданава). Яна піша:
“Беларуская Свабода чамусьці ўпарта сьцьвярджае, што байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2000 годзе і ў мясцовыя саветы ў 2003-м быў памылкаю. Не магу з гэтым пагадзіцца. Гісторыя ня ведае прыкладаў, каб праз выбары быў зьнішчаны дыктатарскі рэжым. У руках дыктатара ёсьць усе магчымасьці, каб не дапусьціць да ўлады апазыцыйных кандыдатаў.
А дзякуючы байкоту, улада ў Беларусі нелегітымная.
Ні для каго не сакрэт, што рыхтуецца рэфэрэндум, сапраўдная мэта якога — інкарпарацыя Беларусі ў склад Расеі. Хоць у мэдыях гэта чамусьці завуялявана размовамі пра трэці тэрмін Лукашэнкі. Тыя палітыкі, якія заклікаюць на выбарчыя ўчасткі, каб галасаваць “супраць”, садзейнічаюць зьнішчэньню краіны. “Супраць” ня будзе. Выбарчыя камісіі зробяць толькі “за”, як рабілі ўжо ня раз. Толькі пры байкоце можна арганізаваць кантроль за прыходам на ўчасткі, пазьбегнуць зьмены Канстытуцыі, не дапусьціць разбурэньня дзяржавы. Выступаць супраць байкоту могуць толькі людзі, для якіх Беларусь — чужая дзяржава”,
— лічыць Аліна Дуброўская зь Дзяржынску (Койданава).
Вы, спадарыня Дуброўская, ня маеце рацыі, калі сьцьвярджаеце, што гісторыя ня ведае прыкладаў, каб аўтарытарныя рэжымы былі пераможаныя шляхам выбараў. Згадайце падзеі канца 80-х — пачатку 90-х гадоў ва Ўсходняй Эўропе. Польшча, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына, Баўгарыя... Аўтарытарныя камуністычныя рэжымы там палі пасьля таго, як апазыцыя змусіла іх правесьці дэмакратычныя выбары. Ды і якім яшчэ шляхам без крыві і гвалту, можа адбыцца зьмена ўлады, якую б успрыняла большасьць насельніцтва?
А ідэя байкоту для большасьці людзей малазразумелая і не карыстаецца значнай грамадзкай падтрымкай. Таму і большасьць апазыцыі схіляецца да іншых мэтадаў палітычнай барацьбы.
На заканчэньне — ліст ад краязнаўцы Алеся Шустоўскага з Барысава, які зьвяртае ўвагу на тое, што апошнім часам у беларускіх мэдыях мала ўвагі надаюць тэме нядаўняй гісторыі — у прыватнасьці, антыбальшавіцкаму змаганьню ў пасьляваеннай Заходняй Беларусі. За камуністамі гэтая тэма ўвогуле была пад забаронай, а пры Лукашэнку яна калі і асьвятляецца, дык аднабакова. Алесь Шустоўскі апісвае падзеі каляднай начы 49-га году пад Наваградкам, калі горад быў узяты ў аблогу баталёнам “лясных братоў” колькасьцю каля 500 чалавек. Слухач піша:
“Апоўначы яны рушылі на Наваградак з чатырох бакоў, блякавалі будынкі НКВД, турмы, і ў выніку жорсткага бою захапілі іх. Частка энкавэдыстаў трапіла ў палон. На працягу чатырох гадзінаў “лесавікі” гаспадарылі ў мястэчку: вызвалілі з турмы ўсіх вязьняў (дарэчы, многія зь іх адразу далучыліся да баталёну). Потым, расстраляўшы палонных энкавэдыстаў, начныя візытэры пакінулі горад.
Такім чынам, можна сьцьвярджаць, што антысавецкі супраціў у Заходняй Беларусі быў вельмі значны. Варта згадаць, што ў 48-м годзе падобным жа чынам “лесавікі” на пэўны час захоплівалі Кобрынь… І гэты супраціў працягваўся ажно да пачатку 50-х гадоў”,
— напісаў Алесь Шустоўскі з Барысава.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Надзея Верба і Павал Зух зь Менску, Галіна Вахт з эстонскага гораду Торва і Алесь Марціновіч з Баранавічаў.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас