Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АКАДЭМІКІ” ЎШАНОЎВАЮЦЬ МІНДОЎГА

Валянціна Аксак, Менск

Гэтую выставу зладзіла грамадзкае аб’яднаньне “Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва”. Экспазыцыю, разьмешчаную ў трох залях музэю, складаюць працы 21 прызнанага майстра сучаснага беларускага мастацтва. Усе яны — сябры гэтае суполкі. Некалькі аўтараў, да прыкладу, графік Уладзімер Вішнеўскі, скульптар Валяр’ян Янушкевіч, ягоны брат жывапісец Фэлікс Янушкевіч, адмыслова дзеля гэтае выставы зрабілі творы, прысьвечаныя першаму каранаванаму валадару Вялікага Княства Літоўскага і гісторыі сярэднявечнае дзяржавы беларусаў. Але ёсьць ў экспазыцыі і творы, тэматычна не зьвязаныя з прысьвячэньнем Міндоўгу. Гэта, на думку кіраўніка суполкі Фэлікса Янушкевіча, ня мае прынцыповага значэньня. Галоўнае, што мастак шчыра адгукаецца на гэтую тэму.

Побач з “акадэмікамі” выстаўленыя творы 12-ці зусім маладых аўтараў, стыпэндыятаў аб’яднаньня. Гаворыць Фэлікс Янушкевіч…

(Янушкевіч: ) “Мы адзіныя ў Беларусі з творчых мастацкіх аб’яднаньняў, хто дае нашым студэнтам стыпэндыі. Мы даем іх на тры месяцы паводле вынікаў сэмэстру. Мы глядзім на вынікі працы, калі чалавек у сэмэстры праслаўляецца добра, то тады мы яго заахвочваем. Потым, калі яны выходзяць на дыплём, то лепшаму дыплёмніку году мы даем сваё адзначэньне…”

У ліпені сваю выставу, прысьвечаную 750-м угодкам каранацыі Міндоўга, ладзіла суполка “Пагоня”. Тады не абыйшлося без скандалу — з экспазыцыі на загад уладаў была зьнятая праца Аляксея Марачкіна. Палітычныя акцэнты не хаваюць і арганізатары новае гістарычнае выставы. Што, на думку Фэлікса Янушкевіча, павінныя былі зрабіць і ўлады, скарыстаўшыся нагодаю падкрэсьліць даўнюю дзяржаватворчасьць беларусаў.

(Янушкевіч: ) “Для нас нават дзіўна, што ў нашай краіне гэтай падзеі не нададзена палітычнага значэньня. Факт таго, што ў нас некалі была вельмі высокая ступень дзяржаўнасьці, мне здаецца, пры любой уладзе, якая будзе на гэтай зямлі, факт вельмі важны палітычна І тое, што яго не закранаюць палітыкі, мне здаецца сьмешным. Зямля нашая вельмі дзяржаўная і гэтую тэму можна падаваць і ўлева, і ўправа… І “зялёныя”, і “чырвоныя”, і “белыя” могуць гэтым карыстацца… А як, то гэта ўжо на сумленьні кожнага, хто гэтым карыстаецца… Міндоўг –— вельмі прыдатная постаць, і работы апалітычнай, прысьвечанай яму, цяжка стварыць”.

Выстава “Краса Айчыны” будзе экспанавацца ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры да 15 верасьня.
XS
SM
MD
LG