Адзіны сьпіс патэнцыйных кандыдатаў, які быў складзены 12 жніўня, цяпер будзе адкрыты для пашырэньня. За мінулы тыдзень зьявіліся новыя прэтэндэнты. Пра сваё жаданьне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, у прыватнасьці, заявілі некаторыя дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га скліканьняў, якія не ўваходзяць у палітычныя партыі. Вырашылі далучыцца да адзінага сьпісу й прадстаўнікі дэпутацкай групы “Рэспубліка”. Ёсьць беспартыйныя кандыдаты і ад дэмакратычных грамадзкіх арганізацыяў.
Таму разглядаліся два варыянты: або сьпіс будзе жорстка партыйным, або пашыраным у выглядзе мяккай кааліцыі. Спадар Лябедзька гаворыць, што ўдзельнікі сёньняшняй нарады падтрымалі кааліцыйны падыход:
(Лябедзька: ) “Адзіны сьпіс будзе складзены ня толькі з прадстаўнікоў палітычных партыяў, але й з канкурэнтаздольных патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Гэты сьпіс зьяўляецца адкрытым. Проста партыі ўзялі на сябе ініцыятыву (і абсалютна лягічна) і адказнасьць за яго фармаваньне”.
Партыйныя лідэры спадзяюцца, што такім чынам сьпіс стане больш якасным і ў яго трапяць усе наймацнейшыя палітыкі.
Ужо цяпер сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты больш за 300 асобаў. А акругаў, як вядома, 110. Таму 20 жніўня вялася дыскусія і пра тое, на якіх умовах адбіраць кандыдатаў. Такія крытэрыі знойдзеныя. Сярод іх —падтрымка ідэалаў дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі, асабісты ўнёсак у барацьбу за дэмакратыю, гатоўнасьць зьняць сваю кандыдатуру, калі гэта будзе неабходна, пазытыўная пазнавальнасьць у канкрэтнай выбарчай акрузе, досьвед удзелу у выбарчых кампаніях ды іншыя.
Анатоль Лябедзька гаворыць, што вызначаныя таксама мэханізм і спосабы выбару кандыдатаў:
(Лябедзька: ) “Перадусім, гэта перамовы паміж партыямі. Потым апытаньне экспэртаў, праймірыс у выбарчай акрузе і сацыялягічныя апытаньні”.