Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“DIE TAGESZEITUNG”: “ПАЗНАВАЛЬНАЯ ЭКСКУРСІЯ З ЗАХАДУ НА ЎСХОД”


Алена Панкратава, Менск

Толькі адзінкі з тых заходніх пасажыраў, якія едуць цягніком Бэрлін-Масква, маюць неабходнасьць сыйсьці ў Берасьці. У гэтым выпадку яны ня проста перасякаюць межы будучага ЭЗ, але й трапляюць зусім у іншы сьвет,— піша “Die Tageszeitung”.

300-тысячнае Берасьце з гледзішча эўрапейскіх падыходаў ніяк нельга назваць памежным горадам. Нават сам памежны беларуска-польскі пераход адрозна ад таго ж украінска-польскага выглядае нейкім рэзкім і раптоўным. У Берасьці няма звыклых памежных кірмашоў. Тут не сустрэнеш пакупнікоў зь іншага берагу Буга, якія б адмыслова прыехалі ў Беларусь, каб набыць штосьці таньнейшае.

Вуліцы памежнага Берасьця вельмі не падобныя на эўрапейскія, але падобныя на вуліцы іншых буйных беларускіх гарадоў: часам шырокія, як ўзлётныя палосы, але пры гэтым амаль пустыя. Ва ўсіх беларускіх гарадах на вялікім цэнтральным пляцы заўсёды ўбачыш магутнага каменнага Леніна з выцягнутай рукой. Паводле архітэктараў, гэта ёсьць указальнікам правільнага шляху. Які шлях сёньня слушны для гэтай, калісьці самай пасьпяховай савецкай рэспублікі?

Рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Менску Анатоль Міхайлаў паціскае плячыма. Паводле яго, Беларусь заўсёды знаходзілася на скрыжаваньні, а гэта значыць, што яна заўсёды мусіць змагацца за выжываньне. Выжываюць у гэтых умовах больш гнуткія. Таму й дух канфрантацыі мацнейшы са спробу самаідэнтыфікацыі. Паводле Міхайлава, у Беларусі няма інтэлектуальнай сцэны. Ягоныя таленавітыя студэнты, якія вывучаюць тэалёгію, гісторыю мастацтва ці філязофію, ня бачаць будучыні на Радзіме.

Безнадзейнасьць студэнтаў ЭГУ ёсьць вынікам надзвычай складанай эканамічнай сытуацыі,— піша “Die Tageszeitung”. Пэрспэктывы, што ў гэтую краіну бліжэйшым часам пойдзе замежны капітал, што будуць створаныя новыя працоўныя месцы і ўзмацніцца прыватны сэктар, не прадбачыцца.

У колішнюю прывабную ідэю, што Беларусь зможа выконваць функцыю моста паміж Усходам і Захадам, сёньня мала хто верыць. Першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі — не выключэньне. “Эўропа глядзіць скрозь Беларусь у бок Расеі”,— лічыць ён. Паводле эўрапейцаў, дэмакратызацыя ў Беларусі можа настаць дзякуючы ўплыву Масквы. Аднак дзе была Масква, калі ў Менску адбыўся канстытутцыйны пераворот і Лукашэнка працягнуў свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы? Якой дапамогі можна чакаць ад Пуціна, чыя “вэртыкаль” пабудаваная тым жа шляхам, што й лукашэнкавая?

Ці ёсьць у Эўропы ўвогуле нейкая канцэпцыя адносна Беларусі? Ці азначае ўсходняя палітыка ЭЗ толькі стварэньне новых межаў? Такія пытаньні задае аўтар артыкулу ў бэрлінскай “Die Tageszeitung” i працягвае: “Хуткім часам уздоўж Бугу паўстане сапраўдная заслона — візавая. І тады Беларусь стане для эўрапейцаў яшчэ больш далёкай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG